ЕБРР пагоршыў прагноз па росце беларускай эканомікі ў 2019 годзе
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) пацвердзіў свой майскі прагноз па росце ВУП Беларусі у 2018 годзе на ўзроўні 3% і пагоршыў ацэнку эканамічнага росту ў краіне у 2019 годзе з 3% да 2,5%. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным дакладзе ЕБРР аб эканамічных перспектывах краін, у якіх працуе банк.
„Мы прагназуем, што рэальны ВУП Беларусі вырасце на 3% у 2018 годзе і на 2,5% у 2019 годзе. Перспектывы росту па-ранейшаму залежаць ад маштабаў структурных рэформаў і здольнасці пашырыць ролю прыватнага сектара”, — сказана ў дакладзе.
У маі ЕБРР прагназаваў рост ВУП Беларусі на 3% у 2018 і 2019 гадах. На думку экспертаў, бягучы рост беларускай эканомікі абумоўлены маштабным знешніх попытам і пашырэннем ўнутранага попыту. Пры гэтым яны канстатуюць, што рост ВУП Беларусі запаволіўся да 3,7% па выніках студзеня—верасня з 5,2% у першым квартале 2018 года.
Паводле афіцыйнага прагнозу беларускіх уладаў, прырост ВУП у 2018 годзе складзе 3,7% пасля росту на 2,4% у 2017 годзе. У наступным годзе, паводле ацэнкі беларускага ўрада, тэмпы росту ВУП краіны перавысяць сярэднесусветныя і складуць не менш за 4%.
Як паведамлялася, у кастрычніцкай справаздачы Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) быў прыкметна палепшаны прагноз для эканомікі Беларусі. Так, паводле ацэнак эканамістаў фонду, у 2018 годзе рост ВУП у Беларусі можа скласці 4%. Гэта значна лепш за папярэднюю ацэнку МВФ — у красавіцкай справаздачы фонд ацэньваў рост беларускай эканомікі ў бягучым годзе на ўзроўні 2,8%.
Таксама, згодна з кастрычніцкай ацэнкай аналітыкаў фонду, у 2019 годзе ВУП у Беларусі вырасце на 3,1% супраць 2,4%, названых у папярэднім прагнозе.