ЕБРР пагоршыў свой прагноз падзення эканомікі Беларусі
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця пагоршыў свой прагноз падзення эканомікі Беларусі. Як вынікае з абноўленага прагнозу банка, аб`ём беларускага ВУП ў 2016 годзе скароціцца на 3%.
Пры гэтым у сваім папярэднім аналізе, зробленым у лістападзе 2015 года, ЕБРР прагназаваў падзенне ВУП Беларусі да 1% у 2016-м. Такім чынам, аналітыкі банка пагоршылі свой прагноз на 2 працэнтныя пункты.
У лістападзе ЕБРР таксама прагназаваў падзенне беларускага ВУП да 3,5% у 2015 годзе, фактычна яно склала 3,9%.
„Беручы пад увагу трывалыя гандлёвыя сувязі Беларусі з Расіяй, а таксама структуру эканомікі, дысбалансаў і рызыкі рэфінансавання, мы чакаем, што эканоміка Беларусі скароціцца на 3% ў 2016 годзе і пачне расці на 1% у 2017 годзе”, — адзначаюць эксперты ЕБРР.
Яны таксама згадваюць, што ў першым квартале 2016 года ВУП Беларусі скараціўся на 3,6%.
Варта адзначыць, што ў красавіку свае прагнозы падзення беларускай эканомікі таксама пагоршылі Сусветны банк і Міжнародны валютны фонд.
Так, згодна з абноўленым макраэканамічным прагнозам Сусветнага банка, ВУП Беларусі можа знізіцца ў 2016 годзе на 3%. Восенню 2015 года Сусветны банк прагназаваў, што беларускі ВУП скароціцца ў гэтым годзе на 0,5%.
У сваю чаргу ў красавіцкім дакладзе МВФ World Economic Outlook Update прагназуецца, што ў 2016 годзе ВУП Беларусі знізіцца на 2,7%. У папярэднім дакладзе, які быў апублікаваны ў кастрычніку 2015 года, МВФ чакаў, што зніжэнне ВУП Беларусі ў 2016 годзе складзе 2,2%.
Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на 2016 год прадугледжвае рост ВУП на 0,3%.