ЕБРР перагледзеў прагноз па Беларусі ў бок пагаршэння
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) пагоршыў эканамічны прагноз па Беларусі. На думку банка, эканамічная сітуацыя ў краіне будзе залежаць ад вынікаў перамоваў з Расеяй па энергетычных пытаннях.
У макраэканамічным аглядзе эксперты ЕБРР прагназуюць, што па выніках 2019 года беларуская эканоміка вырасце на 1,3%, у 2020 годзе — на 1,2%. У параўнанні з папярэднім (майскім) прагнозам банк знізіў працэнтныя ацэнкі па тэмпах эканамічнага росту ў Беларусі на 0,7% і на 0,6% адпаведна.
Эканамісты ЕБРР адзначаюць, што збоі паставак расейскай нафты ў першай палове года негатыўна адбіліся на аб’ёмах нафтаперапрацоўкі і на эканамічнай дынаміцы ў цэлым.
„Чакаецца, што эканамічны рост замарудзіцца да 1,3% у 2019 годзе і да 1,2% у 2020 годзе. Будучы рост залежыць ад перспектыў Беларусі атрымаць кампенсацыю за расейскі падатковы манеўр, наступствы якога (для беларускай эканомікі) застаюцца няяснымі„, — гаворыцца ў аглядзе ЕБРР.
Варта адзначыць, што нядаўна эканамічны прагноз па Беларусі пагоршыў і Сусветны банк. Яшчэ ўлетку СБ чакаў, што ў 2019 годзе беларуская эканоміка вырасце на 1,8%, у 2020-м — на 1,3%, у 2021-м — на 1,2%.
Абноўленыя ацэнкі Сусветнага банка, якія былі прэзентаваныя ў канцы лістапада, больш песімістычныя. У новым эканамічным прагнозе Сусветнага банка па Беларусі гаворыцца, што па выніках 2019 года ВУП Беларусі вырасце на 1%, у 2020-м — на 0,9%, у 2021-м — на 0,5%.
„Наш прагноз у сярэдзіне года быў падрыхтаваны з улікам таго, што будзе кампенсацыя 50% страт з-за расейскага падатковага манеўру. Пакуль гэтай кампенсацыі Беларусь не атрымала і наш абноўлены прагноз падрыхтаваны з улікам таго, што такую кампенсацыю краіна не атрымае”, — пракаментаваў абноўлены прагноз эканаміст СБ Кірыл Гайдук.
Тэма выплаты кампенсацыі за падатковы манеўр абмяркоўвалася падчас перамоваў паміж прэзідэнтамі і ўрадамі Беларусі і Расеі 7 снежня ў Сочы. Заяў з боку прэзідэнтаў па выніках перамоваў не было, чарговая сустрэча кіраўнікоў дзяржаў запланаваная на 20 снежня.
Між тым пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка паведаміў у інтэрв’ю беларускім тэлеканалам, што ўрады дзвюх краін „па нафце знайшлі досыць адчувальную развязку, кампенсацыю, хай у няпоўным аб’ёме”.