ЕБРР плануе выдзеліць Беларусі прыблізна 259 млн еўра
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) выдзеліць каля 259 млн еўра ў рамках крэдытнага пагаднення, якое плануецца сёлета заключыць з Беларуссю, на рэканструкцыю мастоў і дарогі Менск — Віцебск, паведамляе прэс-служба Міністэрства эканомікі па выніках сустрэчы беларускай дэлегацыі з прэзідэнтам ЕБРР Сумам Чакрабарці падчас штогадовых пасяджэнняў саветаў кіраўнікоў МВФ і групы Сусветнага банка ў Вашынгтоне.
На сустрэчы бакі абмеркавалі бягучы ўзровень супрацоўніцтва, прагрэс рэалізацыі фінансаваных ЕБРР інвестыцыйных праектаў у дзяржаўным сектары, у сферы ЖКГ і транспарту, разгледзелі пытанні падрыхтоўкі новых інвестыцыйных праектаў у галіне інфраструктуры.
На дадзены момант сумесна з ЕБРР плануецца рэалізацыя буйнога інфраструктурнага праекта па рэканструкцыі аўтадарогі М3 Менск — Віцебск, а таксама шэрагу мастоў рэспубліканскага значэння. „Агульная сума інвестыцый ЕБРР у рамках крэдытнага пагаднення, якое плануецца падпісаць сёлета, складзе каля 259 млн еўра. Рэалізацыя праекта дасць магчымасць палепшыць транспартна-эксплуатацыйныя характарыстыкі штучных збудаванняў і аўтамабільнай дарогі М3, што непасрэдна паўплывае на паляпшэнне прапускной здольнасці і павышэнне бяспекі транспартнага руху”, — зазначае Мінэканомікі.
Акрамя таго, з ЕБРР прапрацоўваецца пытанне аб прыцягненні крэдыту і грантавых сродкаў на рэканструкцыю сістэм водазабеспячэння, водаадвядзення і ачысткі сцёкавых вод сямі гарадоў Беларусі: Клецка, Любані, Фаніпаля, Шклова, Жлобіна, Бярозы і Баранавічаў. Агульная сума фінансавання банка ў рамках крэдытнага пагаднення, якое сёлета плануецца падпісаць, складзе 26,8 млн еўра.
Працягваецца прапрацоўка пілотнага праекта па цеплавой рэабілітацыі жыллёвага сектара ў Мінску, сума інвестыцый можа скласці каля 15 млн еўра.
Асаблівую ўвагу міністр эканомікі Дзмітрый Крутой звярнуў на важнасць аператыўнай падрыхтоўкі інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве энергетычнай інфраструктуры на ўчастку свабоднай эканамічнай зоны „Мінск” у Фаніпалі і падпісанне адпаведнага крэдытнага пагаднення ў бягучым годзе. Паводле ацэнак, інвестыцыі складуць каля 15 млн еўра.
Як зазначае Мінэканомікі, у цэлым чакаецца, што аб`ём гадавых інвестыцый ЕБРР у Беларусі ў 2019 годзе можа перавысіць рэкордныя 360 млн еўра, дасягнутыя ў 2018 годзе.
Асобна бакі спыніліся на пачатку падрыхтоўкі новай стратэгіі ЕБРР для Беларусі на 2020—2023 гады. У кантэксце абмеркавання гэтага пытання Сума Чакрабарці, паводле інфармацыі Мінэканомікі, „зрабіў асаблівы акцэнт на неабходнасці дэманстрацыі прагрэсу” ў такіх кірунках, як перадпрыватызацыйная падтрымка ААТ „Белінвестбанк” і ААТ „Банк Дабрабыт”, а таксама шэрагу прадпрыемстваў рэальнага сектара, у прыватнасці ААТ „Крыніца” і ААТ „Краснасельскбудматэрыялы”.
Крутой і Чакрабарці абмеркавалі ўдзел беларускай дэлегацыі высокага ўзроўню ў інвестыцыйным саміце ЕБРР для краін Усходняга партнёрства 22 лістапада 2019 года, а таксама правядзенне з удзелам кіраўніцтва ЕБРР 7 лютага 2020 года першага пасяджэння Савета па замежных інвестыцыях, стварэнне якога абмяркоўвалася падчас візіту Чакрабарці ў Беларусь у сакавіку бягучага года.
belapan.by