ЕБРР плануе выкупіць долю дзяржавы ў „Прыёрбанку”



Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця мае намер выкупіць долю дзяржавы ў „Прыёрбанку” ў першым квартале 2019 года.

„Зараз мы чакаем пасяджэнне савета дырэктараў ЕБРР. Здзелка можа адбыцца ў першым квартале”, — паведамілі БелаПАН у беларускім офісе ЕБРР.

У прадстаўніцтве банка таксама адзначылі, што гаворка ідзе пра партфельныя інвестыцыі, і ў будучыні ЕБРР можа прадаць мінарытарны пакет асноўнаму акцыянеру банку — аўстрыйскай групе Raiffeisen.

„Прыёрбанк” з’яўляецца самым буйным беларускім камерцыйным банкам з заходнееўрапейскім капіталам, уваходзіць у сямёрку сістэмна значных банкаў краіны.

На гэты момант доля Raiffeisen у статутным фондзе „Прыёрбанка” складае 87,7%. Дзяржаўным арганізацыям (Менскаму аўтамабільнаму заводу і Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці) належаць 5,89% акцый. Астатнія акцыі банка размеркаваныя паміж фізічнымі і юрыдычнымі асобамі.

belapan.by