ЕБРР: Рост эканомікі Беларусі залежыць ад структурных рэформаў



Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця чакае рост ВУП Беларусі ў 2017 годзе на 1,5% і лічыць, што ў будучыні перспектывы росту беларускай эканомікі залежаць ад ходу структурных рэформаў. Прагноз ЕБРР па Беларусі прыводзіцца ў лістападаўскай справаздачы банка.

У маі гэтага года ЕБРР прагназаваў зніжэнне ВУП Беларусі на 0,5% у 2017 годзе і на 1% — у 2018-м.

У лістападаўскай справаздачы еўрапейскі банк палепшыў прагноз росту беларускай эканомікі да 1,5% у 2017 годзе і да 2% — у 2018-м.

„Эканоміка Беларусі зноў расце пасля двух гадоў рэцэсіі. У першыя дзевяць месяцаў 2017 года ВУП Беларусі вырас на 1,7% у гадавым вылічэнні, чаму спрыяла аднаўленне знешняга попыту. Аб`ём вытворчасці ў прамысловасці, найбуйнейшым сектары эканомікі, вырас на 6,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года”, — гаворыцца ў справаздачы ЕБРР.

На думку эканамістаў банка, стабілізацыя абменнага курсу, слабы ўнутраны попыт, умераны рост заработнай платы, а таксама „ў цэлым кансерватыўная макраэканамічная палітыка” спрыялі зніжэнню інфляцыі ў Беларусі ў верасні да гістарычнага мінімуму — 4,9% у гадавым выражэнні.

Кароткатэрміновыя эканамічныя перспектывы Беларусі, адзначаюць эканамісты ЕБРР, палепшыліся дзякуючы вырашэнню цэнавага канфлікту ў газавай сферы з Расіяй, пагадненню аб аднаўленні паставак нафты ў Беларусь, аднаўленню выплат Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця.

„Гэтыя падзеі дапамаглі змякчыць кароткатэрміновы націск на фінансаванне. Аднак рызыкі зніжэння ВУП застаюцца, і перспектывы эканамічнага росту Беларусі па-ранейшаму залежаць ад ступені структурных рэформаў у краіне”, — прагназуюць эканамісты ЕБРР.

Выступаючы 3 лістапада на Кастрычніцкім эканамічным форуме у Мінску, старшы рэгіянальны пастаянны прадстаўнік МВФ па рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Бас Бакер заявіў, што забяспечыць ўстойлівыя і высокія тэмпы эканамічнага росту Беларусі ў перспектыве будзе вельмі складана.

„Вярнуцца да хуткага і ўстойлівага эканамічнага росту Беларусі будзе вельмі складана. Стварэнне макраэканамічных умоў, забеспячэнне стабільнасці само па сабе нічога не дасць. Пытанне ўпіраецца ў аддачу ад інвестыцый, эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў і развіццё прыватнага сектара”, — сказаў Бакер.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў 2000-х гадах высокія тэмпы эканамічнага росту ў краіне маскавалі стагнацыю прадукцыйнасці. „У Беларусі ключавым фактарам эканамічнага росту з`яўляўся высокі ўзровень інвестыцый. Рост прадукцыйнасці запавольваўся, і ў выніку павелічэнне капіталу на аднаго работніка прывяло да зніжэння росту выпуску”, — канстатаваў прадстаўнік МВФ.

На яго думку, высокі ўзровень дзяржаўных інвестыцый або інвестыцый дзяржпрадпрыемстваў сам па сабе недастатковы, таму што прывядзе да зніжэння прадукцыйнасці капіталу. „Неабходныя больш эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў і дынамічны прыватны сектар, узмацненне канкурэнцыі і бюджэтныя абмежаванні для рэструктурызацыі дзяржпрадпрыемстваў”, — падкрэсліў Бакер. БелаПАН