ЕБРР выдзеліць мільярд еўра на падтрымку краін у сувязі з каронавірусам
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) мае намер аказваць падтрымку краінам, якія сутыкнуліся з каронавірусам.
„Падчас сусветнага крызісу, выкліканага каронавірусам (COVID-19), Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, як галоўная міжнародная фінансавая арганізацыя, узмацняе меры па падтрымцы эканомік тых краін, дзе ён працуе”, — паведамляе ЕБРР.
13 сакавіка рада дырэктараў банка ўхваліла выдзяленне экстраннай дапамогі гэтым краінам на 1 млрд еўра ў якасці першага кроку, „за якім могуць быць і іншыя, калі таго запатрабуе сітуацыя”.
Пры гэтым ЕБРР плануе працягваць „весці бізнес у ранейшым аб’ёме, а таксама аператыўна і рашуча рэагаваць на магчымыя змены сітуацыі”.
„Для рэалізацыі гэтых задач наш банк будзе абапірацца на значны статутны капітал, а таксама на паспяховыя вынікі аперацыйнай дзейнасці, дасягнутыя апошнім часам. У гэты цяжкі для ўсіх момант у ЕБРР ёсць усе інструменты і рэсурсы для дапамогі кліентам і краінам аперацый”, — адзначаецца ў паведамленні.
У той жа час ЕБРР пакуль не гатовы даць сваю ацэнку таму, як сітуацыя з каранавірусам паўплывае на эканамічную сітуацыю ў свеце. „У гэты момант вельмі складана зрабіць канчатковыя высновы зыходзячы з дынамікі падзей. Ужо відавочна, што макраэканамічныя паказчыкі рэгіёнаў дзейнасці ЕБРР будуць перагледжаны, але, у адрозненне ад фінансавага крызісу 2008 года, аб магчымасці далейшага росту эканомік можна будзе казаць толькі пасля таго, як адступіць пагроза віруса”, — паведамляе банк.
Беларусь з’яўляецца членам ЕБРР з 1992 года. На 1 снежня 2019 года Беларусі належала 6.002 акцыі (0,20% агульнай колькасці акцый) ЕБРР. Агульны аб’ём фінансавых рэсурсаў, выдадзеных Беларусі з боку ЕБРР з 1992 па 2019 гады, склаў прыблізна 2,9 млрд еўра. Летась Беларусь і ЕБРР заключылі пагадненні прыкладна на 390 млн еўра, што перавышае аб’ём аперацый за 2018 год (360 млн еўра).
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, у Беларусі на сёння выяўлена 36 выпадкаў заражэння каронавірусам.