ЕБРР выдзяляе 259 млн еўра на рэканструкцыю ў Беларусі 12 мастоў і трасы М3



Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) выдзяляе 259 млн еўра на рэканструкцыю ў Беларусі 12 мастоў і трасы М3. Адпаведнае крэдытнае пагадненне падпісана 3 снежня па выніках сустрэчы прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з першым віцэ-прэзідэнтам ЕБРР Юргенам Рыгтэрынкам.

Як растлумачыў журналістам міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка, першы кампанент пагаднення прадугледжвае рэканструкцыю 12 мастоў на рэспубліканскіх аўтадарогах з фінансаваннем у памеры 126 млн еўра. Чакаецца, што рэканструкцыю могуць пачаць ужо ў 2020 годзе пасля правядзення неабходных працэдур.

Другі транш у памеры 133 млн еўра прызначаны для мадэрнізацыі трасы M3, якая злучае Менск з Віцебскам. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на рэканструкцыю 47-кіламетровага ўчастка трасы.

Даўжыня дарожнай сеткі Беларусі складае каля 87 тыс. км, уключаючы 2-і і 9-ы міжнародныя транспартныя калідоры, якія злучаюць краіны – удзельніцы ЕС з Расеяй, Сярэдняй Азіяй і Кітаем. Яны таксама злучаюць краіны Балтыі з Чорным морам.

„Развіццё транзітнага патэнцыялу і паляпшэнне зносін у Беларусі ўнясуць значны ўклад у паляпшэнне перспектыў эканамічнага росту краіны, стымуляванне гандлю і развіццё ключавых аб’ектаў інфраструктуры. Сродкі, якія выдзяляюцца на гэты праект па лініі праграмы тэхнічнага супрацоўніцтва, прадастаўлены Спецыяльным фондам акцыянераў ЕБРР і Італіяй у рамках Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы”, – адзначылі ў Еўрапейскім банку рэканструкцыі і развіцця.

ЕБРР – шматбаковы банк, які садзейнічае развіццю прыватнага сектара і прадпрымальніцкай ініцыятывы. Акцыянерамі банка з’яўляюцца 69 краін, а таксама Еўрапейскі саюз і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. ЕБРР з’яўляецца буйнейшым інстытуцыянальным інвестарам у эканоміку Беларусі. З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР праінвесціраваў амаль 2,7 млрд. еўра ў 119 праектаў у розных галінах эканомікі краіны.

belta.by