ЕБРР з-за каронавіруса падтрымае кліентаў у Беларусі



 Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця з-за распаўсюджвання каронавіруса COVID-19 акажа падтрымку кліентам у краінах аперацый банка, у лік якіх уваходзіць і Беларусь, паведамілі ў прэс-службе ЕБРР.

У мінулую пятніцу савет дырэктараў ЕБРР адобрыў выдзяленне экстраннай дапамогі краінам, дзе працуе банк, у памеры 1 млрд еўра ў якасці першага кроку, за якім могуць адбыцца і іншыя, калі таго запатрабуе сітуацыя.

„Наш „Пакет салідарнай дапамогі” дэманструе гатоўнасць весці бізнес у ранейшым аб’ёме, а таксама аператыўна і рашуча рэагаваць на магчымыя змяненні бягучай сітуацыі. Для вырашэння гэтых задач банк будзе абапірацца на значны статутны капітал і паспяховыя вынікі аперацыйнай дзейнасці, дасягнутыя апошнім часам. У ЕБРР ёсць усе інструменты і рэсурсы для дапамогі кліентам і краінам аперацый”, – адзначылі ў банку.

Рашэнне падтрымаць Беларусь было прынята ў пятніцу ўвечары, удакладнілі ў ЕБРР, таму рана гаварыць пра канкрэтныя праекты і лічбы. „Так, падтрымаем кліентаў у Беларусі. Менавіта кліентаў, паколькі сістэмная дапамога дзяржаве – прэрагатыва іншых арганізацый. Улічваючы аб’ём праектаў у дзяржсектары, разгледзім і прапановы, звязаныя з імі”, – адзначылі ў банку.

Адказваючы на пытанне аб кароткатэрміновых і доўгатэрміновых прагнозах банка адносна наступстваў сітуацыі з каранавірусам для эканомікі, у ЕБРР адзначылі, што, зыходзячы з дынамікі падзей, пакуль вельмі складана зрабіць канчатковыя вывады. „Макраэканамічныя паказчыкі рэгіёнаў дзейнасці ЕБРР будуць перагледжаны, але, у адрозненне ад фінансавага крызісу 2008 года, аб магчымасці далейшага росту эканомік можна будзе гаварыць толькі пасля таго, як адступіць пагроза віруса”, – лічаць у банку.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця – шматбаковы банк, які садзейнічае развіццю прыватнага сектара і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў 38 эканоміках на трох кантынентах. Акцыянерамі банка з’яўляюцца 69 краін, а таксама ЕС і ЕІБ. З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР інвесціраваў амаль 2,9 млрд еўра ў 130 праектаў у розных сектарах эканомікі краіны.

belta.by