ЕБРР закрывае офісы ў Расеі і Беларусі
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) паведаміў, што закрывае офісы ў Менску і Маскве. Прычына – падзеі ва Украіне.
«Мы рашуча асудзілі вайну ва Украіне, і рашэнне закрыць офісы ў Маскве і Менску з’яўляецца непазбежным вынікам дзеянняў, прадпрынятых Расеяй пры дапамозе Беларусі», — гаворыцца ў заяве банка ў Твітары.
Пры гэтым ЕБРР працягне працаваць з Украінай. Ужо ёсць дамоўленасць аб праграме фінансавання на €2 млрд. Гэта не толькі для Украіны, але і для іншых краін, якіх закранулі наступствы баявых дзеянняў. Якія гэта краіны, не ўдакладняецца.
У пачатку сакавіка ЕБРР бестэрмінова прыпыніў доступ Беларусі і Расеі да фінансаў. Хаця, па факце, для Менска замарозка адносінаў адбылася раней. Пасля вострай фазы палітычных пратэстаў 2020 года ЕБРР спачатку спыніў фінансаванне новых праектаў у дзяржсектары, а пасля і для прыватнікаў.