ЕФСР: Выдадзены Беларусі крэдыт пайшоў на фінансаванне дэфіцыту бюджэту



Крэдыт у памеры 500 млн долараў ЗША, выдзелены Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця, пайшоў на фінансаванне дэфіцыту беларускага бюджэту, а не на выплаты за газ. Пра гэта заявіў выканаўчы дырэктар праектнага блока ЕФСР Андрэй Шырокаў 4 снежня на прэс-канферэнцыі ў рамках Еўразійскага кангрэса.

„Сапраўды, у прэсе гучалі ацэнкі, і яны, вядома ж, не адпавядаюць рэчаіснасці (пра пералічэнне крэдыту ЕФСР на пагашэнне завінавачанасці за газ. — БелаПАН.). Антыкрызісную праграму з урадам Беларусі мы, як і з іншымі краінамі ЕАЭС, пачалі прапрацоўваць яшчэ вясной гэтага года, калі пачалася першая хваля пандэміі”, — сказаў Шырокаў.

Паводле яго слоў, антыкрызісная праграма была нацэлена на фінансаванне непрадбачаных выдаткаў бюджэту, з якімі краіны ЕАЭС сутыкнуліся ў гэтым годзе ў сувязі з пандэміяй.

Як лічыць Шырокаў, нягледзячы на адсутнасць у Беларусі жорсткіх каранцінных мер, краіна ўсё роўна пацярпела з-за закрыцця межаў з суседнімі дзяржавамі. „Намі была праведзеная ацэнка дадатковых выдаткаў, якія стала несці Беларусь, і наш крэдыт Беларусі пайшоў на фінансаванне дэфіцыту бюджэту, які паўстаў у сувязі з пераадоленнем наступстваў пандэміі”, — дадаў ён.

Крэдыт у памеры 500 млн долараў Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР), які з’яўляецца кіраўніком сродкамі ЕФСР, пералічыў Беларусі ў кастрычніку. Сродкі дадзеныя да 10 гадоў з ільготным перыядам пагашэння да пяці гадоў пад плаваючую працэнтную стаўку (вызначаецца як сярэдняя даходнасць расійскіх еўрааблігацый у доларах ЗША на тэрмін сем гадоў). „Фінансавы крэдыт са сродкаў ЕФСР накіраваны на падтрымку бюджэту Рэспублікі Беларусь ва ўмовах негатыўных наступстваў пандэміі COVID-19”, — тлумачыў Еўразійскі банк развіцця.

Для атрымання сродкаў беларускія ўлады накіравалі крэдытную заяўку, у якой прадугледзелі меры падтрымкі сістэмы аховы здароўя і насельніцтва, а таксама крокі па „рэалізацыі абачлівай макраэканамічнай палітыкі, уключаючы кансалідацыю непрыярытэтных расходаў бюджэту, аптымізацыю падатковых ільгот, працяг палітыкі па забеспячэнні рынкавых механізмаў фарміравання абменнага курсу і працэнтных ставак”, паведамляў ЕАБР.

Між тым міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў у верасні адзначаў, што крэдыт ЕФСР дазволіць Беларусі пагасіць доўг за газ. У кастрычніку, пасля атрымання крэдыту ЕФСР, беларускі ўрад паведаміў пра пагашэнне завінавачанасці за расійскі газ.

Нагадаем, вясной 2020 года беларускія ўлады выказалі незадаволенасць умовамі пастаўкі расійскага газу, у выніку чаго паміж краінамі паўстала спрэчка па цэнах на газ. У верасні Міністэрства энергетыкі Расіі паведаміла, што доўг Мінска за газ перавысіў 300 млн долараў.

belapan.by