Эканамічны эксперт Беларускага Радыё Рацыя пра гандаль з Беларуссю
Гаспадарчыя кантакты з Беларуссю сёння наладжваць значна лягчэй дзякуючы між іншым інтэрнэту. Патрэбную інфармацыю можам таксама атрымаць непасрэдна ў амбасадзе ці консульстве праз тэлефон.
Важнай адметнасцю гандлю з Беларуссю ёсць тое, што тавар, які там набываем, мусім аплаціць загадзя ў памеры 100% ад сумы (гэтага патрабуе заканадаўства). Рэалізацыя замовы адбываецца амаль неадкладна, гэта значыць тавар на мяжы мусіць быць праз тры дні. Перад гэтым варта заключыць кантракт на адпаведную колькасць тавару. Калі такі кантракт не заключаны, то беларускі партнёр можа скарыстацца з гэтай сітуацыі і даслаць нам больш тавараў, чым мы замаўлялі. Калі мы адмовімся прымаць гэтыя тавары, то губляем давер з боку беларускага партнёра. Кантракт з’яўляецца важным дакументам і можа нам дапамагчы кантактаваць з мытнымі службамі абедзвюх дзяржаваў.
У кантракце прапісаная асноўная інфармацыя пра бакі дамовы: назвы прадпрыемстваў, адрасы, кантактныя тэлефоны, прадмет і колькасць замовы, тэрмін дзеяння кантракту. Вельмі важнай інфармацыяй ёсць таксама індэкс тавараў. Нельга забываць пра фірмовыя пячаткі.
У час заключэння дамовы варта вызначыць умовы транспарціроўкі. Зразумела, што перавозку тавару можам ажыццявіць на ўласным транспарце (грузавым аўтамабілем). Але беларускія прадпрыемствы ахвотна прапаноўваюць паслугі паводле прынцыпаў DDU або DAF паводле INCOTERMS 2010, таму што здаўна вядуць супрацу з экспедыцыйнымі кампаніямі, якія арганізуюць транспарціроўку аўтамабільную або па чыгунцы. INCOTERMS 2010 – гэта правілы міжнароднага гандлю, якія рэгулююць падзяленне выдаткаў, рызыкі і абавязкі паміж прадаўцом і спажыўцом. Абрэвіятура DDU абазначае транспарціроўку з дапамогай грузавых аўтамабіляў, пры якой усе кошты (заробак кіроўцы, страхоўка тавару, кошты паліва, дарожнага збору ды дазволаў) бярэ на сябе прадавец. Гэты від транспарціроўкі з’яўляецца найбольш папулярным.
Іншыя формы дастаўкі тавараў (у прыватнасці: вугля, драўніны, газу) рэгулююць умовы DAF. Гэта ў прынцыпе адзіная магчымасць транспарціроўкі па чыгунцы, калі тавар на мяжу дастаўляецца ў вагонах і на гэтым абавязкі прадаўца заканчваюцца. У гэтым выпадку ўсе кошты мытнага кантролю (пошліны і VAT), кошт мытнага агенцтва (каля 150 зл.), разгрузкі тавару з шырокарэйкавага вагона на еўрапейскі ці перагрузкі на грузавы аўтамабіль бярэ на сябе спажывец (той, хто набывае тавар). Насамрэч, усе гэтыя дзеянні нескладаныя, і можна ўсё аформіць праз тэлефон непасрэдна з дома ці офіса.
Крыху іначай гэтая працэдура выглядае, калі тавар едзе ў кірунку Беларусі. Тут трэба памятаць, што не ўсе тавары можна легальна экспартаваць. У першую чаргу, ёсць забарона на прадукты, якія вырабляюцца ў Беларусі. Напрыклад, прадметам гандлю паміж Беларуссю і Еўрасаюзам не можа быць халадзільнік, які вырабляюць у Менску. З той самай прычыны немагчыма таксама заняцца гандлем новымі шынамі для грузавых і асабовых аўтамабіляў. Абодва названыя тавары ў Беларусі не самай высокай якасці, і вядома, што пры наяўнасці нашмат лепшых аналагічных тавараў – айчыная прадукцыя назапашвалася б на складах.
Як жыхары Беларусі абмінаюць гэтыя законы?
Едуць у Польшчу на старых шынах, а пасля – у час вяртання – мяняюць на новыя ў дазволеных межах (2 шыны + запасная або 25 кг таварнай нормы). Беларускія мытнікі даволі паблажліва глядзяць на гэта, але бывае па-рознаму. У Беларусі добрыя шыны – гэта дэфіцытны тавар, яны трапляюць у краіну часта шляхам кантрабанды з Польшчы i Расіі. І тут нехта можа сказаць: а ёсць жа Мытны саюз, які дазваляе свабодны таваразварот. Так, ён ёсць, але толькі для прадуктаў фізічна вырабленых у дзяржавах Мытнага саюза. Гандаль, перамяшчэнне такіх тавараў любым іншым спосабам лічыцца нелегальным і, у асноўным, адбываецца на асабовых аўтамабілях.
Трэба таксама памятаць, што на галоўных дарогах, якія спалучаюць краіны постсавецкай прасторы, сустрэнем памежныя службы. Яны сочаць за таваразваротам і правяраюць транспартныя дазволы. Гэтая “свабодная мяжа” спрыяе карупцыі і махлярству.
Правілы адносна перавозкі тавараў часта змяняюцца і варта за гэтымі зменамі сачыць. Трэба ведаць, якія дакументы мусіць мець кіроўца аўтафуры, каб пазбегнуць праблемаў на мяжы. Калі перавозім свежыя харчовыя прадукты, то можам спадзявацца санітарнага кантролю, калі нашыя прадукты маюць кароткі тэрмін захоўвання, то не абміне нас кантроль ветэрынарнай службы. Пазбягайма сітуацыі, калі вага тавару паводле дакументаў значна адрозніваецца ад рэальнай. У такім выпадку чакае нас падрабязны мытны кантроль, спалучаны з разгрузкай. Рэкамендуецца карыстацца спраўнай вагой яшчэ на тэрыторыі Польшчы.
Беларусь ёсць дзяржавай адкрытай на разнастайнае абсталяванне, прылады, тэхналагічныя лініі для вытворчасці спажывецкіх тавараў. Як краіна з моцнай накіраванасцю на развіццё сельскай гаспадаркі, вельмі ахвотна купляе спецыялістычныя трактары, наватарскія элеватары, сучасныя збожжавыя камбайны, касілкі і таму падобную сельскую тэхніку. Цікавінка: такія, часта дарагія, машыны купляюць калгасы, саўгасы і на гэтае атрымоўваюць адмысловыя, толькі ім даступныя, пазыкі ад дзяржавы.
Зразумела, што, падпісваючы гандлёвыя пагадненні, для фінансавай бяспекі кантракту і тавараў можам скарыстацца банкаўскім акрэдытывам або векселем. Аднак трэба памятаць, што гэта падвысіць кошт таваразвароту і ў выніку зменшыць наш прыбытак.
Беларускае Радыё Рацыя