Клапатлівая сістэма аплаты BelToll



На Беларускае Радыё Рацыя трапляе інфармацыя пра цяжкасці руху на беларускіх дарогах. Прычына таму – сістэма спагнання платы за карыстанне дарогамі, якая забавязвае да гэтага не толькі, але перадусім усіх замежнікаў на легкавых аўтамабілях. У выпадку выяўлення парушэнняў – пакаранні вельмі вялікія. Падарожнікі-турысты сцвярджаюць, што інфармацыю пра пакаранне атрымліваюць з вялікім спазненнем. А часта яны нават не ведаюць, чаму іх пакаралі. Некаторыя кіроўцы толькі на мяжы, калі ўжо вяртаюцца назад, даведвацца, што яны павінны заплаціць штраф у памеры ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч еўра.

У Беларусі са жніўня 2013 года трэба плаціць за карыстанне з палепшаных участкаў дарог. Зборы мусяць плаціць усе замежнікі, а таксама беларускія ўладальнікі грузавых машын.

Сістэма платы палягае на выкупленні (пад заклад) на некаторых аўтазапраўках або пунктах абслугоўвання (напрыклад, на мяжы) спецыяльнай электроннай прылады і прымацавання яе на бачным месцы – на лабавым шкле аўтамабіля. Кіроўца таксама мусіць унесці першапачатковую плату за карыстанне платнымі ўчасткамі дарог на запланаваным маршруце. Перадаплата будзе захавана ў набытай прыладзе. Калі аўтамабіль едзе па платных участках, то грошы будуць аўтаматычна пабірацца з апарата. Пры гэтым кіроўца можа пачуць гэты працэс праз „піканне” прылады. Таксама кіроўца мусіць сачыць за тым, каб на яго рахунку ўвесь час былі грошы для далейшага руху па дарогах.

Праблема заключаецца ў адсутнасці на мяжы інфармацыі на гэтую тэму, а таксама ў вялікай розніцы ў часе паміж унясеннем грошай пры атрыманні прылады і фактычным з’яўленні гэтых грошай на рахунку (бо сістэма не працуе належным чынам). Таму на практыцы атрымліваецца так, што нават калі кіроўца набудзе такую прыладу, але ўнесеная ім аплата не патрапіла своечасова на рахунак сістэмы BelToll, то ён ужо парушае беларускае заканадаўства.

На платных участках дарог пастаянна ездзяць патрулі міліцыі, абсталяваныя ў свае электронныя прылады, якія дазваляюць ім, не спыняючыся, праверыць, ці, напрыклад, замежны кіроўца едзе з уключанай прыладай для аплаты за карыстанне дарогай. У выпадку выяўлення парушэнняў штрафы вельмі вялікія.

Спіс платных дарог у Беларусі

Урад Беларусі зацвердзіў пералік платных дарог для ўсіх транспартных сродкаў, зарэгістраваных па-за межамі Мытнага саюза (а гэта Расея, Беларусь, Казахстан).

Надалей платным будзе праезд па ўсёй аўтастрадзе М1/Е30 Берасце (Казловічы) – Менск – мяжа Расеі (Рэдзькі).

Аплата за праезд таксама будзе спаганяцца на ўчастках паміж:

– 15 і 42 км трасы М2 (Менск – нацыянальны аэрапорт «Мінск»); – 9 і 41 км трасы М3 (Менск – Віцебск); – 16 і 74 км трасы M4 (Менск – Магілёў); – 21 і 65 км трасы M5/E271 (Менск – Гомель); – 12 і 57 км трасы M6/E28 (Менск – Гародня – мяжа з Польшчай / Брузгі).

На інтэрнэт-старонцы беларускай амбасады можна прачытаць, што кожны кіроўца, які карыстаецца платнымі дарогамі па сістэме BelToll, пасля абавязковай рэгістрацыі на сайце www.beltoll.by або ў пункце абслугоўвання кліента атрымлівае пад заклад адмысловую прыладу, якое дазваляе праязджаць праз пункты аплаты не спыняючыся. Пры выдачы гэтай прылады адразу будзе сцягнута як аванс на аплату пэўная сума грошай, якую можна будзе папоўніць, калі ўзнікне такая патрэба. Пункты абслугоўвання кліента мусяць быць у кожным абласным горадзе, на памежных пераходах і аўтазапраўках уздоўж платных маршрутаў. Плата будзе спаганяцца ў беларускіх рублях паводле тарыфу (мінімальная плата – 1 мільён).

Эканамічны эксперт Беларускага Радыё Рацыя падае кошты праезду на платных беларускіх дарогах у еўра:

– легкавыя аўтамабілі – 0,04 еўра/км;

– грузавікі/аўтобусы двухвосевыя і вагой больш за 3,5 тон – 0,08 еўра/км;

– грузавікі/аўтобусы трохвосевыя і вагой больш за 3,5 тон – 0,10 еўра/км;

– грузавікі/аўтобусы, якія маюць больш за тры восі і важаць больш за 3,5 тон – 0,12 еўра/км.

Беларускі бок запусціў call-center +375172798798 у справе аплат за карыстанне дарогамі. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на інтэрнэт-старонцы beltoll.by (таксама на польскай мове). У прынцыпе, уся гэтая інфармацыя пададзеная беларускімі ўладамі. На мяжы мы пра гэта не даведаемся: інфармацыя з боку памежных і мытных службаў проста адсутнічае.

Міністэрства транспарту Беларусі вызначыла памер аплаты за заклад электронных прылад, якія выкарыстоўваюцца для збору платы на платных участках беларускіх дарог. Кіроўцы аўтамабіляў вагой да 3,5 тон мусяць заплаціць 20 еўра як заклад, кіроўцы аўтамабіляў вагой больш за 3,5 тон – 50 еўра. Гэты заклад можна будзе забраць пры вяртанні прылады ў пунктах абслугоўвання кліентаў, але ўжо не ў еўра, а толькі ў беларускіх рублях.

Канікулы ў Беларусі турыстам могуць вельмі дорага каштаваць. Таму варта загадзя набыць наяўныя грошы, бо іх адсутнасць пры вяртанні ў Еўразвяз можа спрычыніцца да некаторых праблем. У адваротным выпадку спадарыня ў акенцы, якое належыць сістэме BelToll, ужо на мяжы ветліва паведаміць вам пра магчымасць пакінуць машыну на памежнай паркоўцы і неабходнасці неадкладна сплаціць доўг.

Знаходжанне ў Беларусі таксама можа ўдарыць па кішэні турыстаў. Доўгія чэргі на выезд з Мытнага саюза, абавязковы чырвоны канал для аўтамабіляў з краін Еўразвяза, дарагія візы, а ў дадатак праблемы ў працы сістэмы BelToll – усё гэта адразу можа знеахвоціць ад падарожжа ў Беларусь патэнцыйных турыстаў з Захаду. Такі спосаб набыцця замежнай валюты не дапаможа запоўніць дзяржаўную казну, а толькі стварае перашкоды для гандлю і турыстычных паездак. У далейшай перспектыве турысты проста адмовяцца ад Беларусі, бо не будуць бачыць у ёй краіны, якая жадае наладзіць сяброўскія стасункі з Заходняй Еўропай.

Беларускае Радыё Рацыя