Эканамічны шантаж Аляксандра Лукашэнкі



Аляксандр Лукашэнка, акрамя вядзення кантраляванага лобінгу, перыядычна публічна пагражае балтыйскім краінам, што ў выпадку далейшага абвастрэння эканамічных санкцый накіруе транзіт тавараў праз Расію.

Гаворка перад усім пра порт у Санкт-Пецярбургу, а таксама порт Усць-Луга, які цяпер разбудоўваецца. Такім чынам, беларускі кіраўнік хоча дамагчыся ад Літвы і Латвіі больш выгадных умоваў чыгуначных перавозак. Таксама гэта павінна схіліць балтыйскія краіны да дзеянняў, якія б змякчылі санкцыі Еўразвяза. Дадатковай стаўкай у гэтай гульні з’яўляецца атрыманне дазволу на тое, каб мець магчымасць арэндаваць зямлю і будаваць свае тэрміналы ў Віндаве і Клайпедзе. Лукашэнка даўно пра гэта марыць, таму што бачыць тут магчымасць узмацнення і частковай незалежнасці беларускага экспарту.

Пры гэтым існуе меркаванне, што калі часткова або поўнасцю накіраваць беларускі экспарт у расійскія парты – гэта не будзе аплочвацца. Нават з той прычыны, што літоўская Клайпеда і латвійскай Віндава знаходзяцца геаграфічна значна бліжэй, акрамя таго дзейныя транспартныя тарыфы настолькі прывабныя, што ўсялякія змены ў транспартных кірунках пярэчаць асноўным мэтам. Вялікім абмежаваннем з’яўляецца таксама адсутнасць адпаведных перапрацоўчых магутнасцяў у перагружаных расійскіх партах.

Аднак рызыка страты прыбыткаў існуе. Таму Літва і Латвія будуць дадаткова заахвочваць беларускія фірмы з мэтай падтрымкі выгаднай супрацы. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць прапанова міністра транспарту Латвіі да беларускага пасла, якая датычыла будаўніцтва ў Віндаве беларускіх пагрузачных тэрміналаў.

У той самы час канчатковы выбар паміж партамі балтыйскіх краінаў і расійскімі партамі застаецца нязробленым, бо ў інтарэсах афіцыйнага Менска выцягнуць як мага больш карысці з такой няпэўнасці.

Беларусь – балтыйскія краіны: перспектывы супрацы

Балтыйскія краіны шчыльна знітаваныя і асуджаныя на супрацу з Беларуссю. Незалежна ад таго, хто знаходзіцца ва ўладзе ў Літве і Латвіі, заўсёды ў палітыцы там будуць улічваць неабходнасць падтрымання добрых эканамічных дачыненняў з Беларуссю.

Аднак гэта не азначае, што абедзве краіны-чальцы Еўразвяза пойдуць на ўсе саступкі і будуць рэалізоўваць беларускія інтарэсы на еўразвязаўскіх форумах. Хоць ранейшы досвед паказвае, што дзеянні літоўскіх і латвійскіх лабістаў могуць прывесці да блакавання нявыгадных для Беларусі санкцый.

Таму ўлады абедзвюх краінаў будуць па-ранейшаму весці “падвойную” палітыку: з аднаго боку, каб не ўвайсці ў канфлікт з Еўразвязам, з іншага – каб не ствараць напружанасці ў дачыненнях на лініі Менск-Вільня-Рыга. Такая палітыка правераная і выгадная, таму ўсе тры бакі будуць пазбягаць любой канфрантацыі.

Беларускае Радыё Рацыя