Эканамічны спад у Расеі адаб’ецца на Беларусі
Спад у эканоміцы Расеі з прычыны міжнародных санкцый наймацней з усіх яе знешнегандлёвых партнёраў адаб’ецца на Беларусі, а таксама на Літве, прагназуюць эксперты Міжнароднага Валютнага Фонду.
На думку беларускага эканаміста Міхася Залескага, гэта звязана найперш з тым, што Беларусь залежная ад расейскіх паставак нафты, а Расея з’яўляецца найбуйнейшым пакупніком беларускай тэхнікі:
-Яны зыходзяць з таго, што гэта ўдарыць па нас праз нафтавыя аперацыі. Таму што зараз, прыкладна кожная дзясятая машына ў Велікабрытаніі ездзіць на беларускай салярцы. У нас 58 % валютнай выручкі дае нафтахім. Зразумела, нам будзе кепска ў такім выпадку.
Паводле Міхася Залескага, заўсёды, калі ў Расеі скарачаюцца валютныя рэзервы, яна патрабуе ад Беларусі прадаваць тэхніку – трактары і грузавікі – танней. Міжнародны Валютны Фонд лічыць, што сёлета эканамічны рост у Расеі складзе усяго 0,2%. Міжнародныя эксперты ацэньваюць, што ў выніку заходніх санкцый, валавы ўнутраны прадукт Расеі ў 2015 годзе знізіцца амаль на 5%.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
Фота zn.ua