Эканамічны суд Менска адхіліў пазоў TUT.BY да ПВТ



Эканамічны суд Менска адмовіў у задавальненні заявы ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” да наглядальнага савета і адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій, паведаміў тэлеграм-канал tut.by. Кампанія прасіла прызнаць несапраўдным рашэнне наглядальнага савета ПВТ аб страце ёю правы на льготы ў 2019—2021 гадах, што паслужыла падставай для крымінальнага пераследу супрацоўнікаў.

Па хадайніцтве адміністрацыі ПВТ са спасылкай на ліст дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю (для службовага карыстання) пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме.

ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” будзе абскарджваць рашэнне Эканамічнага суда.

Раней партал паведаміў, што правы на льготы рэзідэнта ПВТ кампанію пазбавілі па хадайніцтве ДФР КДК у лісце ад 17 траўня 2021 года за подпісам намесніка старшыні КДК Ігара Маршалава на адрас дырэктара парку Усевалада Янчэўскага.

„У паўтарастаронкавым дакуменце сцвярджаецца, што „падчас вывучэння фінансава-гаспадарчай дзейнасці таварыства атрыманыя доказы таго, што з моманту набыцця ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” статусу рэзідэнта ПВТ у 2019 годзе па цяперашні час фарміраванне часткі выручкi ажыццяўлялася за кошт выкарыстання праграмнага забеспячэння трэціх асоб”, — гаворыцца ў паведамленні. — Якія менавіта „доказы” былі атрыманыя, КДК у сваім лісце не ўдакладніў, але папрасіў унесці прадстаўленне ў наглядальны савет і разгледзець пытанне аб страце ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” права на льготы ў 2019, 2020 і 2021 гадах”.

ПВТ прыняў рашэнне аб страце льгот шляхам галасавання (аднагалосна за — 8 чалавек).

18 мая ДФР КГК правёў вобшукі ў рэдакцыі tut.by, яе рэгіянальных офісах і дома ў супрацоўнікаў партала. Было заяўлена, што ў дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” распачатая справа паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). Затрымана 15 чалавек, у тым ліку генеральны дырэктар Людміла Чэкіна, галоўны рэдактар Марына Золатава, рэдактар аддзела „Грошы і ўлада” Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова.

Практычна адначасова на падставе звароту Генеральнай пракуратуры Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта tut.by і яго люстраў.

„Генеральная пракуратура ўстанавіла шматлікія факты парушэнняў закона аб СМІ ў частцы размяшчэння забароненай інфармацыі ў шэрагу публікацый на інтэрнэт-рэсурсе tut.by. У гэтых матэрыялах змяшчаецца інфармацыя ад імя незарэгістраванага фонду BYSOL, — заявіў Мінінфарм. — У адпаведнасці з артыкулам 38 закона аб СМІ ў сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-рэсурсах забароненае распаўсюджванне інфармацыі ад імя арганізацый, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю”.

18 чэрвеня стала вядома, што МУС звярнуўся ў суд з заявай аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыялаў партала tut.by і яго акаўнтаў у сацсетках.

24 чэрвеня суд аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыялаў tut.by быў прыпынены на няпэўны тэрмін у сувязі з тым, што ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” заявіла хадайніцтва, лічачы, што гэтае рашэнне камісіі, на падставе якога МУС звярнуўся ў суд, з’яўляецца незаконным.

7 ліпеня Эканамічны суд Менска на закрытым пасяджэнні разгледзеў заяву і прызнаў рашэнне камісіі законным. Кампанія мае намер падаць апеляцыю на гэтае рашэнне эканамічнага суда. Калі рашэнне суда набудзе законную моц, зможа аднавіцца працэс у судзе Цэнтральнага раёна Мінска па прызнанні прадукцыі партала экстрэмісцкімі матэрыяламі.

8 ліпеня каманда tut.by запусціла новы рэсурс навінаў — zerkalo.io, але неўзабаве і ён перастаў адкрывацца ў Беларусі.

belapan.by