Эканамічныя ўлады супраць легалізацыі крыптавалют



Эканамічныя ўлады Беларусі, паводле інфармацыі БелаПАН, выступаюць катэгарычна супраць легалізацыі крыптавалют у краіне, бо, на іх думку, гэта можа прывесці да рэалізацыі сур’ёзных рызык на фінансавым рынку.

Зараз на разглядзе ў Адміністрацыі прэзідэнта знаходзіцца праект дэкрэта аб цыфравізацыі эканомікі. Адна з рэдакцый гэтага дакумента  прадугледжвала легалізацыю крыптавалют. Аднак эканамічныя ўлады выступаюць супраць гэтага.

Ставіцца да крыптавалют трэба вельмі асцярожна. Прасачыць іх рух немагчыма, наглядаць за крыптавалютамі немагчыма, толькі на этапе канверсавання крыптавалют у фіятные грошы можна на сітуацыю ўздзейнічаць. Аднак калі выявіцца, што рэзідэнты Беларусі ўдзельнічалі ў легалізацыі злачынных даходаў, імідж краіны з-за легалізацыі крыптавалют можа сур’ёзна пацярпець на міжнароднай арэне„, — заявіла  крыніца ў органах дзяржкіравання.

Яна звярнуў увагу на той факт, што згодна з патрабаваннямі ФАТФ (міжурадавая арганізацыя, якая выпрацоўвае сусветныя стандарты ў сферы процідзеяння адмыванню злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму) у краіне павінен быць адзіны рэгулятар, які ад пачатку да канца ўсталёўвае правілы для фінансавых аперацый, ажыццяўляе нагляд за імі, праводзіць праверкі і прымяняе санкцыі ў выпадку неабходнасці.

„Калі такога кантролю за фінансавымі патокамі ў краіне не існуе, ФАТФ ставіць тоўсты мінус, і гэта можа прывесці да трапляння краіны ў шэры спіс. Таму калі, не дай бог, які-небудзь злачынец прагоніць праз нас біткоіны, мала нам не будзе”, — падкрэсліў суразмоўца БелаПАН.

У сувязі з гэтым эканамічныя ўлады ставяцца вельмі насцярожана да перспектывы легалізацыі крыптавалют у Беларусі. „Пакуль заявы пра тое, што дзякуючы крыптавалютам Беларусь ператворыцца ў прыгожае месца і зможа на іх шмат зарабіць, нічым не падмацаваныя. У той жа час рызыкі, звязаныя з легалізацыяй крыптавалют, абсалютна відавочныя”, — мяркуе крыніца ў дзяржорганах.

Аналагічнага меркавання прытрымліваюцца і іншыя супрацоўнікі дзяржорганаў.

„Лепш пакуль захаваць усё як ёсць і не спрабаваць яшчэ дзяржаве глыбока ўлезці ў тэму крыптавалют. Пакуль дзяржава ад гэтай тэмы адхіленая, то і рызык няма”, — лічыць прадстаўнік органа дзяржкіравання.

Паводле звестак БелаПАН, легалізацыю крыптавалют не падтрымлівае як Міністэрства фінансаў, так і Нацыянальны банк.

У той жа час ІТ-прадпрымальнікі заклікаюць дзяржаву прыняць заканадаўства, якое дазволіць легалізаваць аперацыі з крыптавалютамі.

„Калі новае заканадаўства будзе прынятае, Беларусь стане першай краінай у свеце, якая ўкарэніць поўную нарматыўную аснову для блокчэйна. Іншыя краіны рэгулююць толькі некаторыя аспекты. Новае заканадаўства рэгулюе здабычу крыптавалют, крыптаабмены, смарт-кантракты і іншыя аспекты прымянення тэхналогіі блокчэйн„, — анансаваў праект дэкрэта аб цыфравізацыі эканомікі вядомы беларускі прадпрымальнік Віктар Пракапеня, выступаючы на мінулым тыдні ў Савеце Рэспублікі.

Пры гэтым ён выказаў упэўненасць, што „Беларусь можа стаць пляцоўкай для міжнароднага капіталу” ў выпадку прыняцця падрыхтаванага праекта дэкрэта.  БелаПАН