Лукашэнка можа змяніць „Дэкрэт аб дармаедах” (абноўлена)
Аляксандр Лукашэнка не выключыў зменаў у Дэкрэт аб дармаедах. Падчас свайго штогадовага паслання кіраўнік Беларусі адзначыў, што дэкрэт у цэлым слушны, але варта прыслухацца і да крытыкі, якая гучыць у беларускім грамадстве:
– Шмат крытыкі, баюся нешта мы там не дапрацавалі. Я прашу перш за ўсё распрацоўшчыкаў – прааналізуйце кожную заўвагу, нават калі нашы бандыты ад палітыкі выказваюць нейкія заўвагі, усё адно вы іх вывучайце, каб мы не пакрыўдзілі нармальнага чалавека.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць, што дэкрэт з самага пачатку – неабгрунтаваны, а словы пра магчымыя змены – звязаныя з шырокім розгаласам не толькі ў СМІ:
– Лукашэнка ў спрэчках з бабулямі нешта адчуў… Яму сказалі: Што ж Вы хлопцы творыце ў Менску? Што людзей цяпер адносяць да першага гатунку, другога гатунку – тыя, хто працуе і хто не працуе. Гэта яшчэ такі ход – цяпер можна абвінаваціць урад, што яны крыху дурнаватыя.
Дэкрэт аб супрацьдзеянні сацыяльнаму ўтрыманству, які ў СМІ называюць “дэкрэтам аб дармаедах” быў прыняты некалькі тыдняў таму.
Паводле яго кожны беспрацоўны, хто не плаціць падаткі, за выключэннем пенсіянераў, маці, якія гадуюць дзіця да сямі гадоў, ды беларусаў, што працуюць за мяжой, мае заплаціць 20 базавых велічыняў у год.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
“У Беларусі ёсць шмат людзей, якія не з’яўляюцца сацыяльнымі ўтрыманцамі, і ў той жа час не працуюць. Дзяржава не прызнае права чалавека на капітал”, – эканамічны эксперт Леанід Злотнікаў цалкам не згодны з дэкрэтам Лукашэнкі, які абавязвае грамадзянаў плаціць 20 базавых велічынь, калі яны не працуюць і не плацяць падаткі на працягу паўгода:
– Чалавек, які мае дэпазіты і атрымлівае дастатковыя працэнты, нічога не робіць, але мае даход. Я ўжо не кажу пра выпадак, калі жонка можа быць пры мужу, не хадзіць на працу, нават калі дзіця мае 7 гадоў. Заробка мужа, напрыклад, ім дастаткова. Дык на падставе чаго іх трэба пакараць? Гэтыя зборы – гэта самае звычайнае пакаранне, адмаўленне асноў жыццядзейнасці грамадства.
Дэкрэтам Лукашэнкі вызначаны пералік катэгорый грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты так званага падатку на дармаедаў. Гэта недзеяздольныя грамадзяне, інваліды; асобы, маладзейшыя за 18 гадоў; жанчыны, старэйшыя за 55 гадоў, мужчыны, старэйшыя за 60 гадоў. Ёсць таксама іншыя выняткі. Падатковы збор трэба выплаціць не пазней за 15-га лістапада года, наступнага за мінулым падактовым перыядам.
* * *
“Атрыманыя сродкі дакладна будуць меньшымі, чым затраты на выяўленне гэтых дармаедаў. Ніякай неабходнасці ў дэкрэце не было. Увядзенне страхавой медыцыны магло вырашыць праблему карыстання медыцынай непрацоўнымі грамадзянамі», – так каментуе падпісанне Аляксандрам Лукашэнкам дэкрэту №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:
– Ніякія 200 ці 300 даляраў людзей, якія працуюць за мяжой альбо не працуюць, крызіс не спыняць. Беларусі патрэбныя прыкладна 5-6 млрд. Нават калі беларусы прададуць сябе ў сэксуальнае рабства, мы не атрымаем і паловы ад гэтай сумы. Наглядаецца рэцыдыў вясковай псіхалогіі. Гэта было прапанавана Міхаілам Мясніковічам. Цалкам беларуска-савецкая стылістыка – чаму хтосьці не працуе, а я працую, плачу падаткі?!
“Любы беларус, аплочваючы ў крамах тавары ці паслугі, плоціць падатак на дададзеную вартасць. Што тычыцца медыцыны, то маладым людзям, якія працуюць за мяжой і могуць трапіць у катэгорыю «дармаедаў», беларуская медыцына і так непатрэбная. У паліклініках сядзяць у большасці людзі сталага ўзросту”, – адзначае Леанід Заіка. Паводле яго, сацыяльных ільгот не засталося і ў сферы адукацыі – бацькі аплочваюць рамонты ў школах, школьнае харчаванне сёлета ўжо падаражэла на 25 працэнтаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота stena.ee