Эксперт: У Беларусі не знікнуць еўрапейскія тавары
Беларусь не плануе адмаўляцца ад закупак імпартнага харчавання для ўнутранага рынку. Заявіў кіраўнік дзяржавы, прымаючы з дакладам прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.
У той жа час міністэрства гандлю Беларусі заявіла, што трэба ўзмацніць рэкламу беларускіх імпартазамяшчальных тавараў.
Эканамічны аглядальнік Аляксандр Сінкевіч лічыць, што ў Беларусі праблемы з імпартнымі таварамі будуць адчувацца не так востра як у Расеі, але і Беларусь часткова закрануць санкцыі Захаду, як чальца Мытнага звяза:
– У той жа час вядома, што ў Беларусі не знікнуць еўрапейскія тавары, як гэта можа здарыцца ў Расеі. Мы назіралі гэта яшчэ ў 2008 годзе, калі тут прадавалася “Баржомі” і грузінскае віно, з Масквы нават прыязджалі, куплялі і везлі ў Маскву гэтыя тавары, бо іх не было на прылаўках. Праз гадоў 5-10, калі гэтая сітуацыя будзе зацягнута, могуць быць ужо іншыя расклады. Прынамсі Расея можа пераарыентавацца на імпартазамяшчэнне, але гэты перыяд трэба будзе пражыць, і для Беларусі гэты перыяд таксама будзе цяжкасцю.
„Перавагі вырабленага новага тавару неабходна давесці да пакупніка, г.зн. разрэкламаваць яго, у чым нашы вытворцы пакуль саступаюць сваім замежным канкурэнтам”, – лічыць першы намеснік міністра гандлю Беларусі Артур Карповіч.
Паводле яго слоў, на тэлебачанні рэклама беларускага і імпартнага тавару размяшчаецца прыкладна ў роўных аб’ёмах, але часам імпартная рэклама пераважае.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя