Эканоміка Беларусі расце. Калі верыць міністру



Сёння “аднаўляюцца практычна ўсе сектары” беларускай эканомікі, заявіў журналістам міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў 15 лістапада пасля пасяджэння Савета міністраў. “Вядомыя папярэднія даныя працы эканомікі за дзесяць месяцаў, — цытуе чыноўніка прэс-служба ўрада. — Мы выйшлі на планавую задачу па годзе на 3,8%, то бок, мы з апярэджаннем дасягнулі ўзроўню ВУП, які перад намі ставіўся”.

Ілюстрацыйны здымак з адкрытых крыніц

На яго думку, гэта было зроблена за кошт “мабілізацыі рэзерваў, якія былі ў сектарах эканомікі”. “Мы цалкам кампенсавалі страты на знешніх рынках. У цэлым эканоміка развіваецца стабільна і ўстойліва. Мы захаваем гэты ўзровень [да канца года], і можна будзе сказаць, што мы выканалі задачу”, — сцвярджае міністр.

У кастрычніку МАЗ прадаў у Расею менш грузавікоў, чым у верасні

У кастрычніку на расейскім рынку прадалі 549 новых грузавікоў Менскага аўтамабільнага завода — на 4% менш, чым месяцам раней. Але ў гадавым вымярэнні продажы выраслі на 72,1%. Прадукцыя менскага прадпрыемства ў мінулым месяцы заняла 9‑е месца ў спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынку Расеі, піша “Позірк”. У пяцёрку лідараў продажаў увайшлі расейскі КамАЗ, кітайскія SITRAK, Shaanxi, FAW, HOWO.

15 чэрвеня першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў, што рынак аўтатэхнікі Саюзнай дзяржавы “мае патрэбу ў аператыўным прыняцці спецыяльных ахоўных мер праз актыўную экспансію кітайскіх вытворцаў”. Паводле чыноўніка, экспансія ўсходніх партнёраў на беларускім і расейскім рынках аўтамабільнай грузавой тэхнікі “відавочная”, а дынаміка іх продажаў “палохае”.

На ўладальнікаў “Атласа” пачата крымінальная справа?

Улады і сілавікі ўзяліся за маршруткі. На тэлеканале “Беларусь 1” выйшаў сюжэт пра “дарожныя войны” маршрутак, з якога стала зразумела, пра які менавіта буйны інтэрнэт-агрэгатар ідзе гаворка ў распачатай КДБ крымінальнай справе.

Прамым тэкстам назву агрэгатара ў сюжэце, праўда, не назвалі, але ў ім прагучалі прозвішчы яго ўладальнікаў — Фундатар і Данцоў. Андрэй Данцоў і Уладзімір Фундатар — заснавальнікі агрэгатара “Атлас”. На гэты факт звярнуў увагу Reform.by. Нібыта яны аб’ядналі больш за 300 перавозчыкаў, даўшы ім доступ да кліенцкіх баз. У якасці ўмовы надання такога доступу была вылучаная рэгулярная перадача няўлічаных наяўных сродкаў, што прывяло да прычынення шкоды дзяржаве ў выглядзе нявыплаты падаткаў у буйным памеры.

Растуць перавозкі з Казахстана ў Беларусь

Справаздача аб грузаперавозках за трэці квартал паказала зніжэнне попыту на дастаўку грузаў з Казахстана ў іншыя краіны, уключаючы Расею. Аднак колькасць перавозак у Беларусь вырасла на 16%, не гледзячы на нядаўнюю забарону перагрузкі і перачэпкі. Агульны рост экспартных перавозак з Казахстана за III квартал склаў 12% у параўнанні з II кварталам і 46% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.

Office life піша, што на сустрэчы прадстаўнікоў Еўразійскага эканамічнага саюза і ААЭ абмяркоўвалі перспектывы развіцця транспартнага калідора “Поўнач – Поўдзень”, які злучае Еўразію з Персідскім залівам. Гэты праект прадугледжвае перавозку тавараў па чыгунцы праз Цэнтральную Азію, Туркменістан, а затым марскім транспартам у ААЭ і назад. Плануецца, што да 2030 года прапускная здольнасць калідора дасягне 41-45 млн тон грузаў.

Беларускае Радыё Рацыя