Эканоміка Беларусі страціла яшчэ 46 тысяч работнікаў
У Беларусі з пачатку гэтага года колькасць занятых у эканоміцы скарацілася на 46,3 тысячы чалавек. Гэта вынікае з дадзеных Белстата. У кастрычніку ў эканоміцы налічвалася 4 млн. 143,3 тыс. занятых.
Аб праблеме скарачэння занятага ў эканоміцы насельніцтва гаварыў у мінулым месяцы прэм’ер Раман Галоўчанка. “Тут працуюць розныя фактары, як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя. Так, зараз у працаздольны ўзрост уступае пакаленне, якое нарадзілася ў перыяд так званай дэмаграфічнай ямы 1990-х гадоў. Ёсць і іншыя фактары”, – заявіў Галоўчанка, але не канкрэтызаваў, пра якія менавіта прычыны ідзе гаворка. Паводле яго слоў, каб вырашыць праблему, чыноўнікі маюць намер прыцягваць замежных работнікаў і “максімальна задзейнічаць існуючыя працоўныя рэсурсы”.
Паводле экспертаў, адна з асноўных прычын дэфіцыту работнікаў – міграцыя насельніцтва, у тым ліку па палітычных прычынах, паведамляе news.zerkalo.io.
У Санкт-Пецярбургу хочуць зрабіць беларускі мультыбрэндавы цэнтр
На месцы былога Неўскага рынку ў Санкт-Пецярбургу створаць цэнтр беларускіх тавараў. Інвестар распрацаваў фінансавую мадэль і канцэпцыю будучага праекта. Пры гэтым імя інвестара, тэрміны рэалізацыі праекта і інвестыцыі не паведамляюцца, піша “Коммерсант”. Пра стварэнне “мультыбрэндавага цэнтра беларускіх тавараў” у Пецярбургу паведамілі на рабочай сустрэчы губернатара горада Аляксандра Бяглова з паслом Беларусі ў Расеі Дзмітрыем Крутым.
Адзначаецца, што тавараабарот паміж Пецярбургам і Беларуссю за першае паўгоддзе павялічыўся больш як на 17 працэнтаў, аб’ём паставак у Санкт-Пецярбург з Беларусі вырас на 40 працэнтаў.
Мультыбрэндавыя крамы беларускіх тавараў плануюць ствараць па ўсёй Расеі. У верасні ў Пецярбургу адкрылася першая крама Swed House – гэта беларуская марка, якая хоча замяніць на рынку прадукцыю IKEA.
Якія крэдыты даюць у Беларусі на кітайскія аўтамабілі
Беларускі аўтарынак запоўнены „кітайцамі”. У лідарах прадказальна марка Geely, якую збіраюць у Беларусі, і на якую прыйшлося 68% продажаў па дадзеных кастрычніка. Сакрэт поспеху шмат у чым звязаны з праграмамі крэдытавання на добрых умовах.
Заняць на беларускага “кітайца” можна адразу ў некалькіх банках (сярод іх, напрыклад, Беларусбанк, Белаграпрамбанк, Ашчадбанк і інш.). Умовы па крэдытах амаль аднолькавыя: пракрэдытуюць да 60-70% кошту аўтамабіля ў залежнасці ад канкрэтнай мадэлі, тэрмін крэдыту – 10 гадоў, першыя тры гады стаўка будзе льготная 7,2 – 7,88%, потым – 12,5%.
Колькі плаціць: пры суме крэдыту 100 тысяч рублёў штомесячныя плацяжы складуць 1,4—1,6 тысячы рублёў, пераплата за ўвесь тэрмін — каля 50 тысяч. Да выдаткаў трэба дадаць і страхоўку “каско” (яна абавязковая пры афармленні крэдыту), піша Office Life.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: nashaniva.com.