Эканоміку чакае заняпад



“Беларусы будуць выжываць, хто як можа”, – кажа кіраўнік праекта Уладзімір Кавалкін, каментуючы заяву кіраўніка краіны, што праводзіць «так званыя рэформы» не будуць, каб не дэстабілізаваць сітуацыю.

«Я не знаходжу магчымасці і неабходнасці мяняць курс (калі ў кагосьці ёсць такія прапановы) у гэтай сітуацыі. Курс, па якім мы атрымалі незалежнасць, стварылі сваю дзяржаву. І сёння нешта ламаць, прытым залішне напружваючы людзей, прытым безвынікова, — я на гэта не тое, што не магу пайсці, я катэгарычна супраць гэтага», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Калі не будзе рэформаў, то што стане з эканомікай?

Уладзімір Кавалкін: У 2016 годзе паўторыцца сітуацыя мінулага года. Варта чакаць заняпаду эканомікі, паступовага падзення курса рубля, а значыцца зніжэння ўзроўню жыцця людзей. Што датычыцца заявы, што краіна пойдзе старым эканамічным шляхам, то тут, мяркую, альбо кіраўнік краіны і яго атачэнне адарваліся ад рэальнасці і не разумеюць, якая эканамічная сітуацыя складваецца ў краіне. Альбо разумеюць, што адбываецца, але з нейкіх сваіх меркаванняў не гатовы дзейнічаць рашуча ў крытычны момант. На мой погляд, гэта паказвае пэўную слабасць кіраўніцтва краіны і той палітыкі, што зараз праводзіцца. Слабасць заключаецца менавіта ў тым, што ў неабходны момант рашучасць знікае, а рашэнні адкладваюцца. Складваецца ўражанне, што ўлады думаюць так: калі праблемы не заўважаць, то яны самі нейкім чынам знікнуць. На жаль, зараз не той крызіс, што быў раней. Гэта крызіс зусім іншага фармату, сам ён нікуды не знікне.

РР: Як будуць у такой сітуацыя выжываць беларусы?

Уладзімір Кавалкін: Хто як можа. Напэўна, частка насельніцтва будзе жыць за кошт “шэрага” рынку, аказання дробных паслуг, за кошт паездак “на закупы”. Людзі на лецішчах успомняць пра садавіну і гародніну, якую трэба будзе прыпасці на зіму. Гэта тая рэальнасць, якая чакае беларусаў, бо беспрацоўе ўжо вырасла і працягне расці. А новыя працоўныя месцы дзяржава стварыць не ў стане, бо вытворчасць падае. Буйныя прадпрыемствы не толькі не могуць прыняць новых людзей, яны самі скарачаюць працоўных. Таму народ сам будзе шукаць сабе грошы на ежу і жыццё.

РР: А калі казаць пра эканоміку ўвогуле…

Уладзімір Кавалкін: Калі будзе працягвацца той эканамічны курс, які ёсць сёння (а менавіта пра гэта і было заяўлена), то ніякіх драйвераў не праглядаецца. Няма эканамічнай стратэгіі, за кошт якой можна было б выйсці з крызісу. Калі падчас крызісу ў 2008-2009 гадах была хоць нейкая стратэгія, то зараз зусім няма. Усе прадпрыемствы, які традыцыйна прыносілі валютны прыбытак, знаходзяцца на стадыі моцнай рэцэсіі, бо продажы на асноўны рынак у Расею моцна знізіліся – фактычна на 30 адсоткаў. Кампенсаваць гэта практычна немагчыма, таму што нашы тавары ў Еўропе неканкурэнтаздольныя. А нейкія азіяцкія ці лацінаамерыканскія рынкі не ў стане замясціць той аб’ём, што ішоў на Расею. Таму, паўтаруся, усё, што нас чакае, – далейшы заняпад у 2016 годзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя