Экс-міністр энергетыкі Літвы скептычна ставіцца да ідэі пераабсталявання БелАЭС



Міністр энергетыкі Літвы ў 2009—2012 гадах Арвідас Секмакас назваў дзіўнай ініцыятыву прэм’ер-міністра краіны Саўлюса Скверняліса пераабсталяваць Беларускую АЭС у газавую электрастанцыю.

У інтэрв’ю Літоўскаму радыё эксперт заявіў, што гэтая ідэя нерэалістычная, выклікае здзіўленне і параўнальная з прапановай ператварыць параход у падводную лодку. „Гэта аб’екты розных маштабаў і складанасці”, — сказаў Секмакас. Паводле яго слоў, у свеце яшчэ не было прэцэдэнтаў пераабсталявання АЭС у газавую электрастанцыю. Экс-міністр мяркуе, што ініцыятыва Скверняліса звязаная з прэзідэнцкімі выбарамі 12 мая, на якіх кіраўнік урада выставіў сваю кандыдатуру. У сувязі з гэтым Секмакас схільны разглядаць прапанову па АЭС як піяр-кампанію Скверняліса.

Старшыня камісіі па энергетыцы сейма Літвы Віргіліюс Подэрыс адзначыў, што нічога не ведаў аб ініцыятыве прэм’ер-міністра і не мае ўяўлення, хто яе рыхтаваў. „Думаю, што канкрэтныя каментары міністэрстваў будуць пры адпраўцы прапановы ў Мінск”, — цытуе Подэрыса Літоўскае радыё. Пры гэтым ён канстатаваў, што рэалізацыя ініцыятывы пацягне для Беларусі дадатковыя выдаткі, паколькі яна ўжо прыклала вельмі шмат намаганняў для будаўніцтва АЭС. У той жа час, лічыць дэпутат, „нейкая інфраструктура можа быць выкарыстана”.

Парламентарый адзначыў, што ў савецкія часы пад Мінскам ужо будавалі АЭС, якую затым ператварылі ў ЦЭЦ. „Заява прэм’ер-міністра не з’яўляецца выхадам за нашу чырвоную рысу. Мы супраць адкрыцця атамнай станцыі і паставак ядзернай энергіі на наш рынак”, — заявіў Подэрыс.

7 сакавіка прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Скверняліс накіраваў беларускаму калегу Сяргею Румасу ліст з прапановай пераабсталяваць Беларускую АЭС, якая будуецца, у газавую электрастанцыю. У лісце адзначаецца, што Літва магла б пастаўляць паліва для гэтай электрастанцыі — праз тэрмінал звадкаванага прыроднага газу ў Клайпедзе або праз газаправод, які злучае Літву і Польшчу і які павінен запрацаваць у найбліжэйшыя гады. Афіцыйнай рэакцыі Менска пакуль няма.

belapan.by