Экспарт беларускіх медпаслуг для грамадзян Польшчы вырас на чвэрць
Экспарт беларускіх медыцынскіх паслуг для грамадзян Польшчы за вясну-лета вырас больш як на 25%, паведаміла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. Яна кажа, што ў вясенне-летні перыяд грамадзяне Польшчы сталі больш інтэнсіўна прыязджаць у Беларусь па медыцынскія паслугі.
Найбольш запатрабаваны:
стаматалагічныя паслугі (імплантацыя і пратэзаванне);
афтальмалагічныя, кардыялагічныя і кардыяхірургічныя паслугі;
паслугі ў галіне анкалогіі, неўралогіі і нейрахірургіі (дзіцячай і дарослай);
паслугі па аздараўленні і рэабілітацыі.
Паведамляецца, што ў арганізацыі аховы здароўя Беларусі па аказанне меддапамогі ў сярэднім звяртаецца больш за 150 тысяч замежных грамадзян у год. На лячэнне прыязджаюць грамадзяне са 160 краін, у тым ліку Германіі, Літвы, Латвіі, ЗША, Кітая, Грузіі ды іншых.
Краіны Балтыі для беларускага бізнесу сёння закрытыя
Сёння ў Еўрапейскім дзейнічае дзейнічае сама меней сам тысяч кампаній з беларускімі каранямі, і гэтая лічба расце, заявіў віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Серж Наўродскі на бізнес-форуме ў Варшаве. Паводле яго слоў, пятую частку бізнесу з беларускімі каранямі ў Еўразвязе складаюць транспартныя кампаніі. Далей у топе суб’екты беларускага бізнесу, якія займаюцца паслугамі і гандлем.
Наўродскі звярнуў увагу на тое, што сярод кампаній, якія рэлакаваліся ў Польшчу і краіны Балтыі, на IT-сферу прыпадае менш за 10%. Але каля 50–60% грамадзян Беларусі, якія сталі ў гэтых краінах індывідуальным прадпрымальнікамі, — прадстаўнікі менавіта IT.
Таксама, паводле Сержа Наўродскага, краіны Балтыі для беларускага бізнесу сёння закрытыя, а самая лёгкадаступная – Польшча. (@pozirkonline)
Надпісы “зялёны” і “сябар прыроды” знікнуць з прадукцыі ў Еўразвязе
Улады Еўразвязу плануюць забараніць кампаніям указваць на так званую кліматычную нейтральнасць сваёй прадукцыі. З тавараў знікнуць надпісы “зялёны”, “біяраскладальны” і іншыя падобныя прыметнікі, піша Financial Times. Пад забарону трапяць таксама надпісы “сябар прыроды” і “энергаэфектыўны” у выпадку, калі тавары не валодаюць „выдатнымі экалагічнымі характарыстыкамі”, а іх вытворцы не дакажуць дакладнасць гэтых сцвярджэнняў.
Еўрапарламент ухваліў гэтыя правілы 19 верасня. Праўда, набыць моц яны павінны толькі ў 2026 годзе. Калі папраўкі запрацуюць, Еўразвяз стане рэгіёнам з самымі жорсткімі экалагічнымі патрабаваннямі ў свеце. Гэтая ініцыятыва – частка плана ЕС па скарачэнні вугляродных выкідаў і звядзенні іх да нуля да 2050 года. З 2020 года на працягу 10 гадоў Еўразвяз плануе накіраваць на гэтыя мэты адзін трыльён еўра, піша Office Life.
Як змяніўся Гомельскі эканамічны форум?
Гомельскі эканамічны форум праходзіць 21-22 верасня. Сёлета ў ім бяруць удзел прадстаўнікі 12-ці замежных краін. Для параўнання: мінулы гомельскі форум, у 2019 годзе, наведала 28 дэлегацый, піша “Флагшток”.
Як паведамілі ў аблвыканкаме, на форум сёлета зарэгістраваны ўдзельнікі з Азербайджана, Расіі, КНР, Італіі, Ірана, Пакістана, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Сірыі, Палесціны, В’етнама, Узбекістана, Таджыкістана. Сёлета форум праігнаравалі еўрапейскія краіны і некаторыя постсавецкія краіны.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: minerva-studio / vecteezy.com.