Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у першым паўгоддзі скараціўся на 31%



У першым паўгоддзі 2017 года Беларусь экспартавала 6,1 млн тон нафтапрадуктаў, што на 31% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Як сведчыць афіцыйная статыстыка, у чэрвені Беларусь паставіла на знешнія рынкі 1,2 млн тон нафтапрадуктаў (у траўні — 1,35 млн тон).

У грашовым выражэнні экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у першым паўгоддзі склаў 2,74 млрд даляраў і павялічыўся на 7,1% у параўнанні са студзенем—чэрвенем 2016 года.

Скарачэнне экспарту ў фізічным выражэнні абумоўленае тым, што да красавіка гэтага года Расея абмяжоўвала аб’ём паставак нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.

Скарачаць пастаўкі нафты ў Беларусь Расея стала ў другой палове 2016 года з-за запазычанасці беларускага боку за расійскі газ, аб умовах паставак якога Масква і Менск не маглі дамовіцца больш як год.

У сярэдзіне красавіка 2017-га працяглую спрэчку ў нафтагазавай сферы ўдалося ўрэгуляваць на ўзроўні прэзідэнтаў. Беларусь выплаціла Расеі запазычанасць за газ (прыблізна 760 млн даляраў), расейскі бок (у другой палове красавіка) пагадзіўся аднавіць пастаўкі нафты ў Беларусь з 18 да 24 млн тон.

Аналітыкі міжнароднага агенцтва Fitch Ratings, якія вызначаюць суверэнны рэйтынг Беларусі, лічаць, што эфект нафтагазавых дамоўленасцяў для краіны будзе станоўчым. „Пазбяганне больш працяглых спрэчак у энергетычнай сферы скарачае рызыкі для плацежнага балансу, дзяржаўных даходаў ад мытных пошлін і агульнай эканамічнай актыўнасці (у выніку зніжэння паставак расійскай нафты на беларускія НПЗ)”, — мяркуюць яны.

У чэрвені Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па нафтаперапрацоўцы, на якой запатрабаваў у найбліжэйшыя гады завяршыць мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў. Мадэрнізацыя павінна павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты і, адпаведна, павысіць эфектыўнасць працы НПЗ.

belapan.com