Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у 2019 годзе можа скараціцца на 1-1,5 млн тон
Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у 2019 годзе можа знізіцца на 1—1,5 млн тон у параўнанні з 2018 годам, паведаміў журналістам 28 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка, адказваючы на пытанні БелаПАН.
Ён нагадаў, што ў 2018 годзе беларускія НПЗ перапрацоўвалі расейскую нафту, а таксама расейскія нафтапрадукты, аднак з 1 лістапада мінулага года Расея рэзка скараціла іх пастаўкі ў Беларусь.
Акрамя гэтага, віцэ-прэм’ер звярнуў увагу, што Беларусь разлічвае замясціць „брудную” нафту, якая паступіла па нафтаправодзе „Дружба”, якаснай нафтай у бягучым годзе.
„Калі мы атрымаем увесь аб’ём адноўленай нафты з Расеі, то наша доля ў экспарце нафтапрадуктаў захаваецца на ўзроўні мінулых гадоў. Аднак у мінулыя гады даходзілі да мільёна тон нафтапрадукты, якія мы бралі з Расеі на перапрацоўку”, — нагадаў Ляшэнка.
У сувязі з тым, што Расея абмежавала пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь з 1 лістапада 2018 года, „мільён, можа, паўтара мільёна тон” з беларускага экспарту нафтапрадуктаў можа выпасці ў 2019 годзе, растлумачыў віцэ-прэм’ер.
„Цяпер канцэрн „Белнафтахім” працуе з казахскім бокам, каб узяць на перапрацоўку, асвятленне нафтапрадуктаў. У выніку, магчыма, мы „падхопім” аб’ём нафтапрадуктаў, недапастаўлены з Расеі”, — сказаў Ляшэнка.
Пры гэтым ён дадаў, што паколькі ўжо прайшло паўгода, наўрад ці цалкам атрымаецца кампенсаваць аб’ём расійскіх нафтапрадуктаў, які выпаў, за кошт казахскіх паставак.
У 2018 годзе Беларусь экспартавала 12 млн тон нафтапрадуктаў.
Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у студзені-красавіку 2019 года скараціўся на 795,9 тыс. тон або на 17,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць афіцыйныя статдадзеныя.
Усяго за студзень-красавік Беларусь экспартавала 3 млн 796,6 тыс. тон нафтапрадуктаў. У грашовым выражэнні экспарт нафтапрадуктаў у студзені-красавіку склаў 1,85 млрд даляраў і зменшыўся на 18,6%, або на 431 млн даляраў у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года.
belapan.by