Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у 2019 годзе скараціўся амаль на 20%
Летась экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у грашовым выражэнні склаў 5,2 млрд даляраў і скараціўся на 19,7% у параўнанні з 2018 годам, сведчаць афіцыйныя статзвесткі.
Паступленні ад экспарту нафтапрадуктаў зменшыліся ў 2019 годзе на 1,27 млрд даляраў.
У фізічным выражэнні экспарт нафтапрадуктаў у 2019 годзе склаў 10,5 млн тон (-11,7%).
Імпарт нафты ў параўнанні з 2018 годам не змяніўся (18 млн тон). Пры гэтым летась быў рэзка скарочаны імпарт нафтапрадуктаў: у краіну іх паступіла 247,4 тыс. тон, што прыкладна ў 12 разоў менш, чым у 2018 годзе.
Аб зніжэнні экспарту нафтапрадуктаў у 2019 годзе раней папярэджваў віцэ-прэм`ер Ігар Ляшэнка. Ён адзначыў, што, паколькі Расея з 1 лістапада 2018 года абмежавала пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь, „мільён, можа паўтара мільёна тон” з экспарту нафтапрадуктаў у 2019 годзе можа „выпасці”.
Расея пазалетась узняла пытанне аб абмежаванні паставак нафтапрадуктаў у Беларусь. Сваю ініцыятыву расейскія ўлады матывавалі стратамі бюджэту ў сувязі з магчымым рээкспартам нафтапрадуктаў з тэрыторыі Беларусі.
Восенню 2018 года паводле вынікаў перамоў урадаў дзвюх краін віцэ-прэм`еры Беларусі Ігар Ляшэнка і Расеі Дзмітрый Казак падпісалі пратакол аб унясенні змен у міжурадавае пагадненне аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў. Пратакол прадугледжвае, што з лістапада 2018 года Беларусь з Расеі можа імпартаваць толькі нафтапрадукты, якія не вырабляе сама.
У 2020 годзе Беларусь адчувае складанасці з экспартам нафтапрадуктаў з-за адсутнасці кантрактаў на пастаўку расейскай нафты ў ранейшых аб`ёмах.
belapan.by