Экспарт камп’ютарных паслуг у 2019 годзе перавысіў 2 млрд даляраў
Летась экспарт камп’ютарных паслуг дасягнуў рэкордных 2,1 млрд даляраў (+33,8% у параўнанні з паказчыкам 2018 года), сведчаць афіцыйныя статзвесткі.
У грашовым выражэнні экспарт камп’ютарных паслуг павялічыўся на 529,4 млн даляраў.
Доля камп’ютарных паслуг у сукупным экспарце паслуг павялічылася з 19,7% у 2018 годзе да 24% у 2019-м. Прыкладна палова прыросту беларускага ВУП была забяспечаная за кошт ІТ-галіны.
На думку экспертаў, высокія тэмпы росту ў гэтай галіны могуць захавацца і ў будучыні.
„У заходніх краінах назіраецца актыўны працэс лічбавізацыі эканомікі. Развітыя, найбольш багатыя краіны гатовыя расходаваць дзясяткі мільярдаў долараў для фінансавання гэтага працэсу. Адпаведна, высокі попыт на праграмістаў, інжынераў, іншых ІТ-спецыялістаў, і дзякуючы гэтаму экспарт камп’ютарных паслуг Беларусі расце штогод на дзясяткі працэнтаў”, — адзначыў у каментары БелаПАН дырэктар інвестыцыйнай кампаніі „Юнітэр” Раман Восіпаў.
На яго думку, для захавання высокіх тэмпаў росту экспарту камп’ютарных паслуг варта павышаць якасць адукацыі.
Аналагічны пункт гледжання выказваюць і іншыя эксперты. Яны звяртаюць увагу, што ядром айчыннага ІТ-сектара з’яўляецца Парк высокіх тэхналогій, на долю якога прыпадае прыблізна 90% экспарту камп’ютарных паслуг.
„Мы падыходзім да піку эксплуатацыі ўнутранага чалавечага рэсурсу ў ІТ-сектары і колькасна, і якасна. Так, беларускія ВНУ, паводле экспертных ацэнак 2018 года, могуць выпускаць штогод 7,7 тыс. спецыялістаў для ІТ-галіны. Але патрэбы Парку высокіх тэхналогій ужо ўдвая вышэйшыя”, — падкрэсліў у каментары БелаПАН член Савета па развіцці прадпрымальніцтва, адзін з аўтараў дэкрэта прэзідэнта № 8 „Аб развіцці лічбавай эканомікі” Дзяніс Алейнікаў.
На яго думку, каб ІТ-галіна працягвала расці, трэба павышаць якасць адпаведнай адукацыі і рыхтаваць больш кваліфікаваных спецыялістаў.
„Калі мы хочам перайсці да праектаў з большай дададзенай вартасцю, нам патрэбныя архітэктары ІТ-рашэнняў з бізнес-мысленнем, якія могуць прыдумляць новыя ІТ-прадукты і адпаведна ствараць інавацыйныя прадпрыемствы для эканомікі, а не толькі тэстароўшчыкі і кодары”, — адзначыў Алейнікаў.
belapan.by