Экспарт камп’ютарных паслуг вырас на 36%



У студзені—жніўні 2018 года экспарт камп’ютарных паслуг Беларусі склаў 959,2 млн долараў. У параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года ён павялічыўся на 36,4%.

Як сведчаць афіцыйныя статзвесткі, за восем месяцаў доля камп’ютарных паслуг у агульным экспарце паслуг вырасла да 16,9% (супраць 14,4% у студзені—жніўні мінулага года).

Імпарт камп’ютарных паслуг апынуўся значна меншым за экспарт — 81,3 млн долараў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года гэты паказчык вырас на 21,3%.

Такім чынам, сальда знешняга гандлю камп’ютарнымі паслугамі за восем месяцаў года склалася станоўчым у 877,9 млн долараў.

У 2017 годзе экспарт камп’ютарных паслуг Беларусі склаў 1,2 млрд долараў і павялічыўся на 25,5% у параўнанні з паказчыкам 2016 года. Асноўны аб’ём (прыблізна 85%) экспарту фармуюць рэзідэнты Парку высокіх тэхналогій.

Згодна са звесткамі ПВТ, найбуйнейшымі экспарцёрамі камп’ютарных паслуг у 2017 годзе былі кампаніі „ЭПАМ Сістэмз”, „Гейм Стрым”, „Ітранзішэн”. За студзень—верасень гэтага года рэзідэнтамі ПВТ сталі прыкладна 200 новых кампаній — гэта больш, чым за ўсю 12-гадовую гісторыю яго існавання.

Прадстаўляючы ў жніўні новага міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана, першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын заявіў, што „лічбавая эканоміка — гэта прыярытэт нумар адзін і ўрада, і краіны ў цэлым”.

БелаПАН