Экспарт нафтапрадуктаў праз Расею для Менска стратны і небяспечны



Калі Расея прымусіць Беларусь экспартаваць нафтапрадукты праз яе чыгункі і парты, гэта можа быць эканамічна нявыгадна і небяспечна для Менска, заявіў 17 жніўня прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс у інтэрв’ю радыёстанцыі Ziniu radijas.

„Накіраванне грузаў па чыгунках Расеі праз парты Расеі для Беларусі можа быць і нявыгадна эканамічна, і небяспечна стратэгічна, калі мець на ўвазе, што гэтыя [расейскія] парты замярзаюць і кліматычныя ўмовы там зусім іншыя. Гэта асабліва адчувальна, калі гаворка ідзе пра перавозку нафтапрадуктаў”, — цытуе кіраўніка літоўскага ўрада delfi.lt.

Пры гэтым Сквярняліс дадаў: ён разумее, што „ва ўсходніх дзяржавах палітычныя рашэнні нярэдка прымаюцца без уліку эканамічных інтарэсаў, таму літоўскія палітыкі таксама павінны праяўляць актыўнасць, каб беларускія грузы па-ранейшаму ішлі па літоўскіх чыгунках у Клайпедскі порт”.

Напярэдадні Уладзімір Пуцін заявіў пра неабходнасць звязаць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ з транспарціроўкай выпрацаваных нафтапрадуктаў праз Расею. „Гэта трэба абмяркоўваць у больш шырокім фармаце. Бо на беларускіх НПЗ перапрацоўваецца наша нафта, іншай там няма і наўрад ці з’явіцца, таму гэта трэба запакетаваць — атрыманне нашай нафты ад адпаведных пытанняў выкарыстання нашай інфраструктуры”, — заявіў Пуцін 16 жніўня на нарадзе па развіцці транспартнай інфраструктуры Паўночнага Захаду РФ у Калінінградскай вобласці.

Рэагуючы на паведамленне кіраўніка ААТ „Расейскія чыгункі” Алега Белазёрава пра тое, што беларускія НПЗ адмаўляюцца ад іх паслуг на карысць прыбалтыйскай інфраструктуры, Пуцін заявіў, што расейскія парты павінны забяспечыць канкурэнтаздольныя ўмовы, каб прыняць на сябе грузавыя патокі, якія цяпер ідуць праз замежныя гавані. „Гэта не нейкія палітычныя рашэнні. Мы проста павінны загружаць свае ўласныя магутнасці, ствараць тут падатковую базу, мы павінны працоўныя месцы забяспечваць — менавіта ў Расеі, а не дзесьці ў іншым месцы”, — дадаў прэзідэнт РФ.

У канцы кастрычніка 2016 года „Расейскія чыгункі” ўвялі зніжку ў 25% на транспарціроўку беларускіх нафтапрадуктаў у паўночна-заходнія парты Расеі. У пачатку сакавіка бягучага года расейскі бок павялічыў зніжку з 25% да 50%. Гэтае рашэнне дзейнічае да канца 2018 года. Зніжка закліканая стымуляваць перавод нафтавых грузаў з прыбалтыйскіх у расейскія парты.

Як адзначаў расейскі „КоммерсантЪ”, зніжка зробіць для Беларусі тарыф чыгунак РФ у гэтым кірунку супастаўным з тарыфамі на літоўскія парты Вентспілс і Клайпеда. Менавіта на прыбалтыйскія парты прыходзіцца львіная доля экспарту беларускіх нафтапрадуктаў.

У сваю чаргу ў дырэкцыі Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта БелаПАН заяўлялі, што яны вельмі зацікаўленыя ў перавалцы беларускіх грузаў.

БелаПАН