Экспарт нафтапрадуктаў зменшыўся у вартасным выражэнні на 35,8%
Беларускі экспарт нафтапрадуктаў у першым квартале 2016 года ў колькасным выражэнні захаваны на ўзроўні аналагічнага перыяду мінулага года, аднак у вартасным выражэнні зменшыўся на 35,8% у сувязі з падзеннем цэн на нафту. Пра гэта, як паведамляе прэс-служба ўрада, заяўлена 5 мая на пасяджэнні савета канцэрна „Белнафтахім” з удзелам намесніка прэм’ер-міністра Уладзіміра Сямашкі.
Віцэ-прэм’ер „падтрымаў канцэрн у пытаннях экспарту прадукцыі на прэміяльныя рынкі, акцэнтаваў увагу на неабходнасці завяршэння ў тэрмін найважнейшых інвестыцыйных праектаў і неабходнасці распрацоўкі новых праектаў у галіне”.
Паведамляецца, што за першы квартал 2016 года ў краіне здабыта 410,2 тыс. тон нафты, што на 0,1% больш, чым за гэты ж перыяд мінулага года. Аб’ём першаснай перапрацоўкі нафты на НПЗ склаў амаль 6 млн. тон, што больш за паказчык аналагічнага перыяду 2015 года на 1,2%.
Забяспечаны прырост у натуральным выражэнні вытворчасці бензіну АІ-92, бензіну АІ-95, газы, нафтавага бітуму, угнаенняў (азот, фосфар і калій), поліаміду, тканін з сінтэтычных і штучных комплексных нітак.
Запасы гатовай прадукцыі ў цэлым па канцэрне за першы квартал знізіліся на 2,7% і склалі 16,8% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці, „што сведчыць пра запатрабаванасць прадукцыі нафтахімічнага комплексу з боку спажыўцоў”.
„Аднак цэны на асноўныя экспартныя тавары хімічнай галіны таксама зніжаюцца. Экспарт хімічнай і нафтахімічнай прадукцыі скараціўся ў вартасным выражэнні на 16,6%”, — адзначылі ў прэс-службе.
Арганізацыямі канцэрна за тры месяцы выкарыстана больш за 3 трлн. рублёў інвестыцый у асноўны капітал. На стадыі будаўніцтва знаходзіліся 174 аб’екты нафтахімічнага комплексу.
Рэнтабельнасць продажу ў канцэрне за гэты перыяд знізілася да 3,3%, падкрэслілі ў прэс-службе.
На пасяджэнні ўхваленая канцэпцыя развіцця арганізацый „Белнафтахіма” на 2016—2025 гады.