Эксперт: Адзіны рынак нафтапрадуктаў можна стварыць за 2 месяцы
Канцэпцыі стварэння адзіных рынкаў нафты і газу ў ЕАЭС да 2025 года ў цэлым ухваленыя. Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Шувалаў у Астане па выніках пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.
Гэта значыць, што яшчэ на 10 гадоў адтэрміноўваюцца тыя ўмовы вядзення бізнесу ў краінах ЕАЭС , якія былі закладзены ў яго аснову. Так лічыць незалежны эканаміст Леанід Заіка.
– Гэта азначае, што свабодны рух тавараў – бензіну, дызельнага паліва, газу па тэрыторыі краін ЕАЭС будзе свабодным і цэны будуць адпавядаць рэальным і толькі плюс выдаткі на транспартыроўку. Зараз 2016 год, і на 10 год уся нафтавая мафія і іншыя будуць зарабляць свае мільярдныя даходы на нашых грошах. Гэта смешна. Таму што зрабіць адзіны рынак усіх нафтапрадуктаў можна за паўгода, а то і за два месяцы.
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, выступаючы сёння на саміце, заявіў, што сукупны эфект ад стварэння да 2025 года агульнага для ЕАЭС рынку газу складзе мільярд даляраў у год, рынку нафты — 8 мільярдаў.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belgazeta.by