Эксперт: Амерыканцы і французы не канкурэнты кітайцам



Зацягнуты праект па стварэнні зборачных цэхаў легкавых аўтамабіляў у Беларусі сёлата надзвычай актывізаваўся. Калі раней вяліся перамовы з адным-двума аўтамабільнымі канцэрнамі і пажадана не з Еўразвязу і Злучаных Штатаў, то цяпер разглядаюцца любыя прапановы. Нядаўна ў Беларусь быў запрошаны амерыканскі канцэрн “Дженерал мотарс”, а таксама з’явілася інфармацыя, што ў Беларусі будуць збіраць французскія мадэлі “Пежо” і “Сітраен”.

Эканамічны аглядальнік Аляксандр Сінкевіч аднак лічыць, што амерыканцы і французы наўрад ці зробяць канкурэнцыю кітайскаму праекту, які ўжо выйшаў на расейскі рынак:

– Думаю, зараз будзе канкурэнцыя паміж некалькімі брэндамі і праектамі. Зрэшты, праект “Самант” не зачынены поўнасцю. Кітайскі праект “БелДжы”, амерыканскі “Дженерал мотарс” і французскія “Сітраен” і “Пежо” – усе гэтыя праекты маюць адносна невялікую магутнасць. Хіба што,  акрамя кітайскага праекта. Пытанне ў тым, дзе яны знойдуць рынак, куды будуць пастаўляць свае аўтамабілі.

“Толькі калі атрымаецца выйсці на расейскі рынак, або казахскі – тады можна будзе  казаць, што той ці іншы праект быў паспяховым,” – адзначыў эканамічны аглядальнік.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота еx-press.by