Эксперт: Беларусь з-за палітычнага крызісу страціць інвестыцыі



Захаванне напружанай палітычнай сітуацыі прывядзе да таго, што беларуская эканоміка страціць знешнія і ўнутраныя інвестыцыі. Такое меркаванне выказала акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова падчас Мінскага форуму, які ў анлайн-фармаце праводзіў 3 снежня Фонд імя Конрада Адэнаўэра.

„Беларуская эканоміка знаходзілася ў стадыі стагнацыі апошнія дзесяць гадоў, і стагнацыя ў асноўным была абумоўленая адсутнасцю рэформаў. Сёлета эканоміка Беларусі сур’ёзна пацярпела з-за пандэміі”, — адзначыла Барнукова.

Паводле яе слоў, гэта выявілася ў пагаршэнні фінансавага становішча прадпрыемстваў і павелічэнні памеру страт, згенераваных у эканоміцы.

„Пасля жнівеньскіх падзей сітуацыя працягвала пагаршацца. З-за адсутнасці даверу з боку прадпрыемстваў і насельніцтва да дзяржавы назіраўся адток дэпазітаў з банкаўскай сістэмы. Нацбанк быў вымушаны жорстка на гэта рэагаваць і ўвёў абмежаванні [на рублёвую ліквіднасць]”, — адзначыла Барнукова.

На думку эксперта, улічваючы адсутнасць даверу насельніцтва і прадпрыемстваў да дзяржаўнай палітыкі, інвестыцыйная актыўнасць у Беларусі будзе згортвацца.

„Калі не будзе ўрэгуляваная палітычная сітуацыя, у перспектыве Беларусь не атрымае прамых замежных інвестыцый. Не варта разлічваць і на ўнутраныя інвестыцыі ў перспектыве ў выпадку, калі давер да дзяржавы не будзе адноўлены”, — мяркуе Барнукова.

Эканаміст звярнула ўвагу, што палітычны крызіс негатыўна адбіваецца на настроях у грамадстве.

„Траціна насельніцтва, паводле дадзеных апытанняў, мае сімптомы мяккай дэпрэсіі, у 10% — сярэдняя або цяжкая форма дэпрэсіі. Да таго часу, пакуль грамадства будзе заставацца ў дэпрэсіі, у такім стане будзе знаходзіцца і эканоміка”, — рэзюмавала Барнукова.

belapan.by