Эксперт: Большасць беларусаў падтрымлівае прадпрымальнікаў (абноўлена)



Беларусы – на баку дробных бізнесоўцаў у канфлікце «дзяржава-прадпрымальнікі», заяўляе кіраўнік Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў Алег Манаеў, які ўзгадвае вынікі апошняга, сакавіцкага, сацыялагічнага даследавання. Паводле навукоўца, менавіта на гэтыя лічбы не ўсе звярнулі ўвагу:

– Лічбы з гэтага прэс-рэліза наконт таго, як грамадства прыняло канфлікт уладаў з прадпрымальнікамі, на мой погляд, засталіся недаацэненымі журналістамі. Амаль 55% беларусаў сказалі, што гэты канфлікт адбіўся на іх жыццядзейнасці. Раней яны куплялі тавары ў ІП, а зараз – у іншых месцах. 55% з прыкладна 7 мільёнаў дарослых жыхароў краіны – гэта мільёны беларусаў.

Прадпрымальнікі з-за прэзідэнцкіх ўказаў №№ 222 і 48 фактычна пазбаўленыя магчымасці гандляваць на рынках. «Беларусы разумеюць, што ў складанай эканамічнай сітуацыі ўлады нас пазбаўляюць магчымасці набываць больш танны тавар на рынках, як гэта было раней».

Пра гэта сведчыць наступнае пытанне сацыялагічнага даследавання – падкрэслівае Алег Манаеў:

– 45% сказалі, што падзяляюць пазіцыю індывідуальных прадпрымальнікаў. І толькі 16.2% – пазіцыю ўладаў. 55%, 45% – гэта мільёны жыхароў Беларусі. І гэта гаворыць пра тое, што вялікая колькасць беларусаў адчула на сабе прамое наступства гэтага канфлікту, уласна кажучы – удар.

Сацыёлаг Алег Манаеў такія лічбы тлумачыць у першую чаргу пагаршэннем сацыяльнага становішча, і падвышэннем пенсійнага ўзросту. Больш за тое, паводле апошняга апытання, 67% беларусаў выступаюць ЗА рэформы і змяненне сацыяльна-эканамічнага становішча.

Тыя, хто змагаецца за свае правы. Такімі беларусы бачаць дробных бізнесоўцаў. Заўважаў у нашым эфіры лідар „Перспектывы” Анатоль Шумчанка. Так ён адрэагаваў на інфармацыю ад беларускіх сацыёлагаў, што 45% падзяляюць пазіцыю індывідуальных прадпрымальнікаў. І толькі 16% – пазіцыю ўладаў.

Прадпрымальнікі з-за прэзідэнцкіх указаў № 222 і 48 фактычна пазбаўленыя магчымасці гандляваць на рынках. І паводле Анатоля Шумчанкі важна, што ні афіцыйная прапаганда ні дзяржаўныя органы не настроілі беларусаў супраць прадпрымальнікаў:

– Фактычна беларусы падтрымалі змаганне прадпрымальнікаў, якая вялася на працягу некалькіх месяцаў. Гэта кажа пра тое, што людзям падабаецца, што на сённяшні дзень існуе слой грамадства, які змагаецца за сябе, які бароніць свае правы і інтарэсы. То бок гэтыя сімпатыі для нас вельмі важныя.

Паводле Анатоля Шумчанкі пакуль атрымалася абараніць прадпрымальніцтва. Некаторыя вярнуліся і гандлююць лёгкай прамысловасцю. Амаль 55% беларусаў сказалі, што гэты канфлікт адбіўся на іх жыццядзейнасці. Раней яны куплялі тавары ў ІП, а зараз – у іншых месцах.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота byfin.by