Эксперт: Час злезці з расейскай нафтагазавай іглы
Беларускім уладам даўно трэба злезці з расейскай нафтагазавай іглы і заняцца найбольш высокатэхналагічнымі кірункамі, мяркуе эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Леанід Заіка.
„Што б там ні хацеў Лукашэнка, яго новы прэм’ер Румас і іншыя міністры нямоглыя супраць навукова-тэхнічнага прагрэсу”, – адзначыў эксперт у інтэрв’ю „Хыртыі-97”. На яго думку, звычайныя аўтамабілі заменяць электракары, а бензін больш не будзе палівам.
„Трэба рухацца наперад, думаць на перспектыву”, – дадае Леанід Заіка:
– Даходы Беларусі будзе прыносіць IT-сектар у бліжэйшыя 20-ць гадоў – праграмаванне і камп’ютарынг. Даходы будуць прыносіць тэхналогіі, якія пакуль не развіваюцца, 3D-прынтынг і робататэхніка.
Як стала вядома, пастаўкі расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь хутка скарачаюцца. У жніўні Беларусь імпартавала найменшы сёлета аб’ём нафтапрадуктаў з Расеі – амаль 142 тысячы тон замест ранейшых 300-400 тысяч. Расея падазравала Беларусь у рээкспарце расейскіх нафтапрадуктаў і па гэтай прычыне ініцыявала абмежаванне іх паставак.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя