Эксперт: ЕАЭС пакуль не гатовы да ўвядзення адзінай валюты
Палітычнага кансенсусу наконт увядзення на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) адзінай валюты на гэты момант няма і эканамічная гатоўнасць краін ЕАЭС да гэтага кроку невысокая, заявіў БелаПАН намеснік дырэктара Цэнтра інтэграцыйных даследаванняў Еўразійскага банка развіцця (ЦІД ЕАБР) Міхаіл Дземідзенка.
Яго даклад „Ці ёсць будучыня ў адзінай валюты ў ЕАЭС і ў якой перспектыве” быў прадстаўлены на прымеркаваным да дзесяцігоддзя заснавання Еўразійскага банка развіцця круглым стале, які праходзіць 3—6 жніўня ў Ісык-Кулі (Кыргызстан).
„На гэтым этапе ў краін ЕАЭС скептычнае стаўленне да ідэі стварэння валютнага саюза. Краіны недастаткова інтэграваныя, за выключэннем эканомік Беларусі і Расеі. Структуры эканомік дзяржаў-удзельніц розныя. Бягучы ўзровень інтэграцыі нізкі як ва ўзаемным гандлі, так і ў аб’ёмах прамых замежных інвестыцый. Адзінае, па якіх паказчыках краіны выйграюць, гэта паказчыкі мабільнасці рабочай сілы”, — адзначыў эксперт.
Таксама ўвядзенню адзінай валюты, паводле яго слоў, перашкаджае „розны ўзровень высокай і валатыльнай інфляцыі і высокі ўзровень даларызацыі” ў краінах ЕАЭС.
„Пасля прыняцця палітычнага рашэння (пра адзіную валюту ЕАЭС) спатрэбіцца дастаткова працяглы перыяд, каб эканомікі адаптаваліся”, — рэзюмаваў эксперт.
Даследаванне наконт мэтазгоднасці ўвядзення адзінай валюты ЕАЭС ініцыяваў у сакавіку мінулага года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Адпаведнае ўказанне ён даў Цэнтрабанку і ўраду Расеі. Вынікі гэтага даследавання невядомыя, у тым ліку ЕАБР, але сумесна з Еўразійскай эканамічнай камісіяй ён правёў уласнае вывучэнне гэтай тэмы.