Эксперт: Гарадзеншчына мае велізарны патэнцыял
Цягам 2015 года эканамічнымі партнёрамі Гарадзенскай вобласці былі 67 краін блізкага і далёкага замежжа. Таваразварот перавысіў 2 мільярды 300 мільёнаў даляраў. Стратэгічным партнёрам рэгіёна па-ранейшаму застаецца Расея, на долю якой прыходзіцца амаль палова таваразвароту. На другім месцы – суседняя Польшча, таваразварот з якой складае 229 мільёнаў даляраў. У пяцёрцы замежных эканамічных партнёраў Гарадзеншчыны знаходзяцца таксама Кітай, Нямеччына і Украіна. Усходні вектар эканамічных адносін, на думку кіраўніка навукова-даследчага Цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, не спрыяе рэалізацыі патэнцыйных магчымасцяў Прынёманскага рэгіёна:
– Гарадзеншчына мае велізарны патэнцыял як адзін з найбуйнейшых і прасунутых рэгіёнаў Беларусі. Трэба арыентавацца на лепшае, што ёсць у свеце. Тады ў нас будзе лепшая інфраструктуа, лепшыя прадпрыемствы, лепшыя фінансы і лепшае жыццё.
З большасцю заходніх эканамічных партнёраў Гарадзенская вобласць мае адмоўнае эканамічнае сальда ў сілу таго, што імпартуе дарагое абсталяванне, у той час як на экспарт пастаўляе лес і ўгнаенні. Найбольш паспяхова выглядае сальда з Расеяй – перадусім дзякуючы таму, што Гарадзеншчына пастаўляе ў буйных памерах прадукты харчавання.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота ej.by