Эксперт: Інфляцыя ў 2017 годзе не перавысіць 7%



Сёлета інфляцыя складзе 5—7%. Такі прагноз прыводзіцца ў каментары пра сітуацыю на спажывецкім рынку, які падрыхтавала форэкс-кампанія „ТэлетрэйдБел”.

„Галоўны фактар, які паўплываў на рост цэн у чэрвені, — сезоннасць. У першы летні месяц на прылаўках з’яўляецца ранняя гародніна, якая каштуе значна даражэй за леташнюю”, — пракаментавала павышэнне інфляцыі ў чэрвені да 0,7% фінансавы кансультант форэкс-кампаніі Жанна Кулакова (у маі спажывецкія цэны выраслі на 0,3%).

Эксперт звярнула ўвагу, што ў Менску капуста за чэрвень падаражэла на 60%, морква — на 45%, бульба — амаль на 30%. „Акрамя таго, адбіваецца сезон адпачынкаў — даражэе міжнародны транспарт, санаторыі і гэтак далей. Да канца лета, хутчэй за ўсё, мы ўбачым адваротную рэакцыю — цэны на гародніну і садавіну і „адпускныя” паслугі могуць прыкметна ўпасці”, — мяркуе Кулакова.

На думку эксперта, на паскарэнне інфляцыі мог паўплываць рост курсаў долара і еўра і зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы.

„Зніжэнне ставак павышае прывабнасць крэдытаў і адначасова зніжае прывабнасць дэпазітаў, што прыводзіць да росту спажывецкага попыту і, адпаведна, росту цэн. Але я не думаю, што ўплыў гэтых фактараў быў значным”, — сказала Кулакова.

Нягледзячы на чэрвеньскі рост спажывецкіх цэн, інфляцыя ў Беларусі, адзначае эксперт, застаецца „на рэкордна нізкім узроўні, і ў гэты момант перадумоў для яе рэзкага паскарэння не праглядаецца”.

У гадавым выражэнні (з улікам росту цэн у чэрвені) інфляцыя ў Беларусі склалася на ўзроўні 6,5%.

„Па выніках 2017 года ўзровень інфляцыі складзе 5—7% — у залежнасці ад таго, як будзе складвацца сітуацыя з заробкамі, працэнтнымі стаўкамі і курсамі валют”, — прагназуе Кулакова.

Першапачаткова беларускія ўлады планавалі знізіць інфляцыю ў 2017 годзе да 9% (супраць 10,6% у 2016 годзе). Аднак у чэрвені Міністэрства эканомікі паведаміла, што сёлета інфляцыя ў Беларусі чакаецца на ўзроўні 7%, і адпаведнага арыенціру цяпер прытрымліваецца таксама Нацбанк.