Эксперт: Колькасць аграсядзіб у Беларусі будзе расці
Колькасць аграсядзіб у Беларусі будзе расці. Такое меркаванне выказала старшыня праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання „Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова перад пачаткам IХ Міжнароднай канферэнцыі па аграэкатурызме.
Валерыя Кліцунова нагадала, што ў кастрычніку быў падпісаны ўказ нумар 365, які здымае бар’еры для развіцця агратурызму ў краіне. „Думаю, колькасць аграсядзіб павялічыцца пасля ўступлення гэтага дакумента ў сілу. Амаль паўтара года ішлі яго абмеркаванні, і ў выніку ўказ атрымаўся выдатны, ён зняў тыя моманты, якія былі не зусім зразумелыя”, – сказала яна.
Напрыклад, цяпер у аграсядзібах можна будзе праводзіць масавыя мерапрыемствы: семінары, юбілеі, вяселлі. Дакладна вызначана паняцце асабістай падсобнай гаспадаркі. „Таксама з’явілася выдатная магчымасць будаваць гасцявыя дамы. Многія турысты хочуць жыць асобна, а да гэтага часу гасцявыя дамы нельга было рабіць. Зняты праблемы з курортнымі зонамі – раней там нельга было займацца аграэкатурызмам”, – расказала старшыня праўлення БГА „Адпачынак у вёсцы”.
Валерыя Кліцунова лічыць, што менавіта агратурызм можа стаць адным з самых прывабных відаў адпачынку для іншаземцаў у Беларусі. „Суперпомнікі ёсць у многіх краінах, а такая аўтэнтычнасць, душэўнасць ёсць толькі ў нас. Гэты напрамак трэба развіваць, паколькі тут сапраўды ёсць канкурэнтныя перавагі”, – адзначыла субяседніца.
IХ Міжнародная канферэнцыя па аграэкатурызме – буйнейшая дзелавая падзея ў Беларусі, прысвечаная развіццю аграэкатурызму і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў рэгіёнах і сельскай мясцовасці. Сярод арганізатараў мерапрыемства – Белаграпрамбанк, Міністэрства спорту і турызму, БГА „Адпачынак у вёсцы”. У час канферэнцыі абмяркоўваюцца перспектывы развіцця агратурызму ў Беларусі і формы падтрымкі суб’ектаў аграэкатурызму, садзейнічанне развіццю малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, эфектыўныя формы ўдзелу моладзі ў аграэкатурызме.