Эксперт: Нацбанк паспяшаўся са зніжэннем стаўкі рэфінансавання
Зніжэнне стаўкі рэфінансавання 27 чэрвеня з 10,5 да 10% гадавых з’яўляецца заўчаснай мерай. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН выказаў старшы аналітык форэкс-брокера „Альпары” Вадзім Іосуб, каментуючы рашэнне Нацбанка, прынятае 20 чэрвеня.
„Нягледзячы на майскую дэфляцыю, інфляцыйныя чаканні насельніцтва застаюцца высокімі (на ўзроўні 11,4% гадавых). Мы бачым, што інфляцыйныя чаканні пакуль вышэйшыя за фактычную інфляцыю больш чым у два разы. На гэтым фоне даволі рашучы крок Нацбанка па зніжэнні стаўкі рэфінансавання выглядае нечакана”, — адзначыў Іосуб.
На яго думку, зніжэнне стаўкі рэфінансавання выгаднае прамысловаму і аграрнаму лобі, якое дамагаецца змяншэння кошту крэдытных рэсурсаў.
Зніжэнне працэнтных ставак на грашовым рынку, мяркуе эксперт, прывядзе да павелічэння ўнутранага попыту, што стане ціснуць на цэны, таму Нацбанку па выніках года выйсці на 5,5-працэнтны ўзровень інфляцыі наўрад ці ўдасца.
„Манетарнае стымуляванне эканомікі дапушчальнае, калі існуе адмоўны разрыў выпуску, то бок эканоміка знаходзіцца ніжэй за свой патэнцыял. Цяпер шматлікія эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што беларуская эканоміка выйшла на патэнцыйныя тэмпы свайго росту (каля 2,5% у год) і ў гэтай сітуацыі манетарнае стымуляванне, то бок зніжэнне працэнтных ставак, з’яўляецца шкодным”, — сказаў Іосуб.
Рашэнне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання з 10,5 да 10% гадавых рэгулятар патлумачыў тым, што ў маі ў краіне назіралася дэфляцыя і ў гадавым вымярэнні інфляцыя знізілася да 4,4%.
„Гадавая інфляцыя запавольваецца. Прагноз развіцця сітуацыі ў эканоміцы, у знешнім гандлі, на валютным і дэпазітным рынках паказвае, што грашова-крэдытныя ўмовы, якія фарміруюцца, забяспечаць знаходжанне інфляцыі ў рамках мэтавых параметраў”, — лічыць Нацбанк.
Па выніках года, мяркуе рэгулятар, інфляцыя не перавысіць 5,5%. „Стрымліванню інфляцыі ў сярэднетэрміновай перспектыве будзе спрыяць паступовае зніжэнне інфляцыйных чаканняў, што адбываецца пад уплывам бягучай умеранай дынамікі спажывецкіх цэн і арыентацыі грашова-крэдытнай палітыкі на падтрыманне цэнавай стабільнасці”, — заявіў Нацбанк.
Наступны раз грашовыя ўлады плануюць разгледзець пытанне аб стаўцы рэфінансавання 19 верасня.
Фота sb.by