Эксперт: Падзенне цэн на нафту павышае рызыкі для валютнага рынку Беларусі



Падзенне цэн на нафту стварае перадумовы для далейшага падзення расейскага рубля, што павышае рызыкі для валютнага рынку Беларусі. Такое меркаванне ў каментары БелаПАН выказала фінансавы кансультант кампаніі „Форэкс оптымум” Жанна Кулакова.

Яна звярнула ўвагу, што ўжо цяпер бараль таннейшы, чым закладзена ў бюджэт Беларусі на 2019 год (60 долараў). А гэта азначае, што ў рэальнасці бюджэтныя паступлення могуць апынуцца меншымі, чым планавалася, у тым ліку і паступленні, намінаваныя ў замежнай валюце. Следствам гэтага для Беларусі можа стаць неабходнасць скарачэння расходаў і пошуку дадатковых крыніц фінансавання валютнага дзярждоўгу.

Цана на нафту маркі Brent на Лонданскай біржы апускалася ніжэй за 50 долараў за бараль упершыню з ліпеня 2017 года. Зараз яна таргуецца крыху вышэй за 50 долараў, сведчаць звесткі таргоў.

У панядзелак, 24 снежня, цана на нафту маркі Brent упала больш як на 6% — яна апусцілася ніжэй за 51 долар за бараль упершыню са жніўня 2017 года.

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаур на прэс-канферэнцыі 20 снежня прызнаў: рызыка таго, што ў наступным годзе Беларусь сутыкнецца з імпартам інфляцыйна-дэвальвацыйных працэсаў і іншых шокаў з Расейскай Федэрацыі, аб’ектыўна вялікая.

„І апярэджваючы частае пытанне, які будзе курс беларускага рубля на канец года, адразу адкажу: курс будзе справядлівым. Дынаміка курсу беларускага рубля фармуецца пад уздзеяннем прапановы і попыту на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку”, — заявіў кіраўнік Нацбанка.

belapan.by