Эксперт: Праблемы Беларусі спрыяюць адтоку насельніцтва ў Польшчу
Нізкія тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі могуць прывесці да таго, што частка насельніцтва перабярэцца жыць у Польшчу. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы ўплыў эканамічных перспектыў краіны на рынак працы.
Сусветны банк на мінулым тыдні пагоршыў эканамічны прагноз па Беларусі. Згодна з прагнозам банка, рост ВУП Беларусі ў 2019 годзе складзе 1% (раней чакалася 1,8%), у 2020 годзе — 0,9%, у 2021 годзе — 0,5%.
„Калі ў нас ВУП будзе расці так, як прагназуе Сусветны банк, на 0,5—1%, а ў Польшчы на 4—5%, то разрыў паміж дзвюма краінамі будзе павялічвацца, і колькасць асоб, якія захочуць з’ехаць з краіны ў Польшчу, можа вырасці”, — выказала меркаванне ў каментары БелаПАН акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.
Паводле падлікаў эканамістаў Нацбанка Польшчы, у 2013—2018 гадах на 11% прырост ВУП быў забяспечаны за кошт прытоку ўкраінскіх мігрантаў.
„У Польшчы, як і ў многіх развітых краінах, цяпер нізкая нараджальнасць, і яны зацікаўленыя ў прытоку мігрантаў у краіну, і мэтанакіравана займаюцца гэтым. Калі кардынальных змен не адбудзецца ў беларускай эканоміцы, разрыў паміж Беларуссю і Польшчай стане расці, і гэта будзе прыцягваць беларускіх мігрантаў у суседнюю краіну”, — адзначыў у каментары БелаПАН старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.
Аб міграцыйных выкліках, якія могуць уплываць на эканамічны патэнцыял Беларусі, нагадаем, у кастрычніку—лістападзе таксама казалі прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі і фінансаў. Так, першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Чарвякоў на кастрычніцкай канферэнцыі, прысвечанай эканамічнаму прагназаванню, адзначаў, што калі ВУП Беларусі не будзе расці хуткімі тэмпамі (на 5—6% у год), то краіна стане губляць сваіх суайчыннікаў на карысць краін, якія растуць хутчэй за Беларусь. „Людзі будуць з’язджаць, бо мы будзем прайграваць на рынку працы”, — сказаў Чарвякоў.
Міністр фінансаў Максім Ермаловіч, выступаючы ў кастрычніку на Кастрычнiцкiм эканамiчным форуме (KEF), таксама акцэнтаваў увагу на тым, што за працоўныя рэсурсы Беларусі канкурыруюць еўрапейскія дзяржавы. „Сёння на першае месца выходзяць дэмаграфічныя выклікі, а менавіта — недахоп працоўнай сілы… Цяпер краіны тонуць у барацьбе за працоўную сілу”, — адзначаў Ермаловіч.
Адказваючы на пытанне БелаПАН 28 лістапада пра тое, як рэагаваць дзяржаве на такія выклікі, міністр фінансаў звярнуў увагу, што ў краіне рэалізуюцца меры па падтрымцы нараджальнасці. „У нас маштабная праграма дэмаграфічнай бяспекі, якая рэалізуецца за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, і там ёсць цэлы набор мер, каб гэтую бяспеку забяспечваць”, — падкрэсліў Ермаловіч. Пры гэтым ён даў зразумець, што міграцыя кадраў будзе залежаць ад эканамічнай сітуацыі ў краіне.
„Неабходна павышаць якасць адукацыі, ствараць высокапрадукцыйныя працоўныя месцы, даваць імпульс для развіцця прыватнага сектара, павышаць эфектыўнасць дзяржпрадпрыемстваў. Гэта адзіны выхад, каб заробак у нас рос хутчэй, чым у суседніх краінах. Таму адзіны спосаб вырашыць гэтую (міграцыйную) праблему — паскораныя тэмпы росту эканомікі і выхад на 100 млрд долараў ВУП у 2025 годзе”, — перакананы Ермаловіч.
belapan.by