Эксперт: Прадпрымальнікаў перанакіруюць у гандлёвыя патокі ўнутры Еўразійскага саюза
Ад 1 сакавіка 2015 года індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці без дакументаў тэхрэгламента, чакаюць штрафы да 50 базавых велічыняў. Многія дробныя прадпрымальнікі, каб пазбегнуць штрафных санкцыяў, распачалі распродаж тавараў і ліквідацыю бізнесу. Паводле эксперта ўстановы „Стратэгічная думка” Аляксея Харкевіча, беларускі бізнес рознічнага гандлю спрабуюць выкарыстоўваць для ўмацавання эканамічных сувязяў унутры Еўразійскага эканамічнага саюза.
– Тут перадусім гаворыцца пра памежны гандаль. Усё большыя праблемы будуць паўставаць перад тымі, хто ўвозіць тавар з Украіны і займаецца перавозкай тавараў паміж Беларуссю і Еўразвязам. Гэты працэс будзе ўзмацняцца. Так ці інакш крок за крокам будуць рабіцца спробы перанакіраваць патокі, уцягнуць прадпрымальнікаў у гандлёвыя патокі ўнутры Еўразійскага саюза.
1 сакавіка 2015 года завяршаецца пераходны перыяд, цягам якога прадпрымальнікам дазвалялася рэалізоўваць рэшткі тавараў, завезеных да 1 ліпеня 2014 года з тэрыторыі дзяржаваў Мытнага саюза.
Беларускае Радыё Рацыя