Эксперт прагназуе рост курсу даляра



Да канца гэтага года афіцыйны курс даляра можа дасягнуць 2,1 рубля, да канца 2020-га – 2,2. Такі прагноз агучыў старшы аналітык «Альпары» Вадзім падчас прэс-брыфінгу 30 кастрычніка.

«Калі крос-курсы замежных валют моцна не зменяцца, то ў параўнанні з цяперашнім узроўнем курсы замежных валют да канца года могуць вырасці на 2%», – мяркуе фінансавы аналітык.

У наступным годзе, лічыць ён, аслабленне беларускага рубля да замежных валют будзе ўмераным і складзе каля 5%.

«Да канца гэтага года курс даляра можа скласці 2 рублі 10 капеек, у канцы наступнага – 2 рублі 20 капеек, курс еўра – 2 рублі 32 капейкі і 2 рублі 44 капейкі адпаведна», – выказаў меркаванне Іосуб.

Пры гэтым ён адзначыў, што сцэнар адноснай стабільнасці валютнага курсу беларускага рубля атрымаецца рэалізаваць толькі ў тым выпадку, калі ўлады будуць прытрымлівацца палітыкі фінансавай стабільнасці і не стануць штучна стымуляваць эканамічны рост.

«Размовы пра тое, што стымуляваць эканамічны рост дзяржава стане за кошт дырэктыўных крэдытаў, могуць паўплываць на паводзіны эканамічных агентаў», – папярэдзіў Іосуб, адказваючы на пытанне пра фактары, якія могуць паўплываць на валютны рынак.

На яго думку, спробы штучна стымуляваць эканамічны рост могуць прывесці да росту дэвальвацыйных чаканняў. «Гэта, у сваю чаргу, можа прывесці да павелічэння тэмпаў фактычнай дэвальвацыі», – падкрэсліў Іосуб.

«Стабільнасць і збалансаванасць з’яўляюцца неабходнымі, але недастатковымі ўмовамі для эканамічнага росту. Аднак, калі не будзе стабільнасці і збалансаванасці, устойлівага эканамічнага росту дакладна не ўдасца дасягнуць», – адзначыў ён.

БелаПАН