Эксперт: Рашэнне аб стаўцы рэфінансавання сведчыць пра страту незалежнасці Нацбанкам



Рашэнне не падвышаць стаўку рэфінансавання ва ўмовах паскарэння інфляцыйных працэсаў сведчыць пра страту незалежнасці Нацыянальным банкам у манетарнай сферы. Такое меркаванне БелаПАН выказаў старшы аналітык „Альпары Еўразія” Вадзім Іосуб.

Нягледзячы на тое што інфляцыя па выніках студзеня—лютага паскорылася да 8,7% у гадавым выражэнні, Нацбанк адмовіўся падвышаць стаўку рэфінансавання (бягучае значэнне — 7,75% гадавых) 12 сакавіка.

„Чаму стаўка рэфінансавання не была падвышаная? На мой погляд, Нацбанку не далі прыняць гэтае рашэнне. І гэта дрэнная навіна, бо стаўка рэфінансавання ў рэальным выражэнні стала адмоўнай, чаго быць не павінна”, — адзначыў Іосуб.

На яго думку, лабісты ў дзяржорганах не дазваляюць павышаць стаўку рэфінансавання, бо гэта можа павялічыць пазыковую нагрузку на дзяржсектар і на бюджэт.

„Стаўка рэфінансавання працягвае аказваць вялікую ролю на дырэктыўнае крэдытаванне дзяржпрадпрыемстваў. Гэтыя крэдыты часта прывязаныя да стаўкі рэфінансавання, адпаведна, павышэнне стаўкі прывядзе да павелічэння пазыковай нагрузкі на дзяржпрадпрыемствы, якія і так часцяком знаходзяцца ў складаным фінансавым становішчы”, — адзначыў Іосуб.

Акрамя таго, дадаў ён, частка працэнтных расходаў дзяржпрадпрыемстваў па крэдытах кампенсуецца за кошт сродкаў бюджэту.

„Адпаведна, павышэнне стаўкі рэфінансавання прывядзе да павелічэння выдаткаў дзяржавы, што цяпер непажадана для Мінфіна, паколькі бюджэт выконваецца з дэфіцытам”, — падкрэсліў эксперт.

З іншага боку, дадаў ён, прынятае рашэнне захаваць стаўку рэфінансавання на цяперашнім узроўні ва ўмовах паскарэння інфляцыі сведчыць пра тое, што Нацбанк страчвае незалежнасць.

„Нам дэманструюць канчатковую страту самастойнасці Нацбанкам у прыняцці манетарных рашэнняў. Гэта можа прывесці да зніжэння даверу з боку эканамічных агентаў да цэнтральнага банка. Такі паварот падзей можа прывесці да паскарэння інфляцыйных працэсаў і да ціску на курс беларускага рубля”, — лічыць Іосуб.

Эксперт таксама звярнуў увагу на тое, што Нацбанк, адмовіўшыся падвышаць стаўку рэфінансавання, адначасова абвясціў пра адмену штоквартальных пасяджэнняў праўлення, на якіх планавалася разглядаць пытанне аб стаўцы рэфінансавання і пасля якіх планавалася праводзіць прэс-брыфінгі.

„Прымаючы пад націскам няправільнае рашэнне, Нацбанку, відавочна, вельмі складана яго публічна каментаваць”, — рэзюмаваў аналітык.

Фота: Тут.бай