Эксперт: Рост курсу долара ў Беларусі выкліканы падзеямі ў Расеі і Украіне



Красавіцкі рост курсаў замежных валют у Беларусі звязаны з уплывам украінскіх падзей на валютны рынак Расеі, заявіў у каментары БелаПАН старшы аналітык „Альпары Еўразія” Вадзім Іосуб.

Валютны курс паводле вынікаў таргоў 7 красавіка ў Беларусі ўстанавіў новы рэкорд — 2,6676 рубля за долар. За апошні тыдзень афіцыйны курс долара ў краіне вырас на 1,7%, еўра — на 2,8% да 3,1684 рубля.

„Абвастрэнне сітуацыі на ўсходзе Украіны прывяло да ўзмацнення чаканняў таго, што ў дачыненні да Расіі могуць быць уведзеныя новыя заходнія санкцыі. Гэта справакавала выхад замежных інвестараў з расійскіх дзяржаблігацый, што прывяло да зніжэння курсу расійскага рубля, а следам і беларускага”, — растлумачыў Іосуб.

На яго думку, унутраных перадумоў для росту курсаў замежных валют пакуль няма.

„У сакавіку, калі падсумаваць сітуацыю на ўсіх сегментах валютнага рынку, у Беларусі назіраўся нават невялікі чысты продаж замежнай валюты”, — адзначыў Іосуб.

Як мяркуюць эканамісты, палітыка Нацыянальнага банка, які для забеспячэння цэнавай стабільнасці абмяжоўвае даванне грошай эканоміцы, таксама не фармуе ўнутраных перадумоў для дэвальвацыі.

„Падчас сакавіцкага аўкцыёну камерцыйныя банкі запыталі ў Нацбанка 3,7 млрд рублёў на падтрымку ліквіднасці, але цэнтральны банк даў усяго 250 млн рублёў, або 6,8% запытанай сумы”, — паведаміў БелаПАН фінансавы аналітык Даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

Такім чынам, адзначылі эксперты, зараз дынаміка курсаў замежных валют у Беларусі абумоўленая выключна ўплывам знешніх фактараў, і пакуль складана прагназаваць, як будуць развівацца падзеі.

„Гэты год — самы складаны з пункта гледжання прагназавання сітуацыі на валютным рынку, бо на курс беларускага рубля ўплываюць і эканамічныя, і ўнутрыпалітычныя, і геапалітычныя падзеі, таму вельмі цяжка прадказаць, да чаго мы прыйдзем. Аднак сумневаў не выклікае тое, што ўрэгуляванне палітычнага крызісу магло б знізіць негатыўныя эканамічныя чаканні і станоўча паўплывала б на курс нацвалюты”, — падкрэсліў Муха ў каментары БелаПАН.