Эксперт: Рынку акцый у Беларусі практычна няма
Доля акцый у агульным абароце на рынку каштоўных папер Беларусі складае каля 1%, заявіў намеснік старшыні Беларускай валютна-фондавай біржы Сяргей Ціннікаў, выступаючы 28 верасня ў Менску ў межах Беларускага інвестыцыйнага форуму.
„Не самы прыемны для нас факт заключаецца ў тым, што наш рынак каштоўных папер досыць аднабокі — ён у асноўным аблігацыйны. Доля рынку акцый рэдка калі перавышае 1% у агульным абароце на рынку каштоўных папер”, — сказаў Ціннікаў.
Дэ-факта рынак акцый практычна не прыкметны, канстатаваў ён. „Такая сітуацыя ўжо захоўваецца даўно. Аблігацыйны рынак, у сваю чаргу, развіваецца даволі паспяхова са сваімі спадамі і ўздымамі. Турбуе нас тое, што практычна адсутнічае другі складнік рынку каштоўных папер — гэта рынак акцый”, — адзначыў намеснік кіраўніка БВФБ.
У будучыні, дадаў ён, хацелася б ажывіць гэты рынак. „Для гэтага патрэбныя даўно ўсім вядомыя дзеянні па напаўненні рынку каштоўных папер акцыямі, якія належаць дзяржаве”, — сказаў Ціннікаў.
У сувязі з гэтым ён выказаў надзею, што следам за лібералізацыяй валютнага рэгулявання, якая адбываецца ў Беларусі, пачнецца і лібералізацыя рынку акцый.
У сваю чаргу, першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, які ўдзельнічае ў інвестыцыйным форуме, адзначыў, што пераважны аб’ём акцый прадпрыемстваў знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы. „Для таго каб належным чынам запрацаваў рынак каштоўных папер, павінна сфармавацца прапанова на гэтым рынку. Сёння 75% усіх акцый акцыянерных таварыстваў знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы. Таму развіццё рынку каштоўных папер залежыць ад таго, як актывы будуць паступаць на гэты рынак”, — падкрэсліў Ермаловіч.
Адказваючы на пытанне аб тым, ці плануе дзяржава эмітаваць новыя выпускі дзяржаблігацый на замежных рынках каштоўных папер, першы намеснік міністра заявіў, што ўрад зацікаўлены ў прыцягненні сродкаў на працяглы тэрмін.
„Нам неабходна паляпшаць структуру дзярждоўгу за кошт зніжэння кошту і падаўжэння тэрмінаў запазычанняў, — паведаміў Ермаловіч. Ён адзначыў, што ўрад хацеў бы прыцягваць рэсурсы на 10 гадоў і больш.
belapan.by