Эксперт: Санкцыі супраць банкаўскага сектара могуць стаць вельмі балючымі для рэжыму
Сектаральныя санкцыі Еўразвязу, якія датычаць банкаўскага сектара Беларусі, прывядуць да таго, што ўлады Беларусі не змогуць браць крэдыты на Захадзе.
Са слоў эканаміста Льва Марголіна, гэта таксама можа стаць вострым ударам па рэжыме ў Беларусі.
– Галоўнае, гэта тое, што нельга будзе пазычаць на рынках Еўразвяза. Прытым, не толькі Беларускай дзяржаве, але і беларускім банкам, і беларускім прамыслоўцам. Мы ж разумеем, што індывідуальны прадпрымальнік не будзе размяшчаць свае аблігацыі на еўрарынках. Гэта калі будуць рабіць, то буйныя прадпрыемствы. Гэта таксама будзе вельмі балюча.
Еўразвяз у пятым пакеце санкцыі ў дачыненні да уладаў Беларусі ўвёў фінансавыя абмежаванні, уключаючы закрыццё доступу да еўрапейскіх рынкаў капіталу, забарону на страхаванне беларускага ўрада і дзяржорганаў. Еўрапейскі інвестыцыйны банк спыняе фінансаванне праектаў у дзяржаўным сектары. Краіны ЕЗ таксама павінны абмежаваць удзел сваіх банкаў у дзяржаўных праектах Беларусі.
Санкцыі з’яўляюцца адказам на „парушэнні правоў чалавека, жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў, а таксама на прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Менску з наступным затрыманнем журналіста Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі», гаворыцца ў паведамленні Еўрапейскай рады.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя