Эксперт: Загады Лукашэнкі на эканоміку не ўплываюць



Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у эканоміцы Беларусі ў сакавіку было занята 4 мільёны 372 тысячы 600 чалавек. Для параўнання: у сакавіку мінулага года  было на 71 тысячу чалавек больш.

Эканаміст Леў Марголін бачыць у такой статыстыцы агульную негатыўную тэндэнцыю:

– Гэта карціна назіраецца ўжо не першы год. Прыкладна па 70 тысяч працоўных месцаў наша эканоміка губляе з 2011 года. Гэта вельмі яскрава сведчыць, што загады Лукашэнкі на эканоміку не ўплываюць. Яе нельга ні аштрафаваць, ні арыштаваць, таму яна жыве па ўласных законах. Гэта даўно ўжо сведчыць, што калі не праводзіць ніякіх рэформаў, то і вынікаў ніякіх не будзе.

Па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у Беларусі на канец сакавіка склала 43 тысячы 400 чалавек. Колькасць беспрацоўных у Беларусі расце на фоне загаду Лукашэнкі забяспечыць усіх працай да 1 траўня.

Эксперты зніжэнне занятасці звязваюць з некалькімі фактарамі, у тым ліку аптымізацыяй колькасці работнікаў у многіх сферах, адтокам працоўнай сілы за мяжу, а таксама демаграфічнымі працэсамі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя